Змаганне і міжнародная рэакцыя. Найважнейшае за 28 жніўня

Еўропа павольна, але адгукаецца на сітуацыю ў Беларусі. Праўда, дзеянні стандартныя, але тое, што з нагоды сітуацыі ў нашай краіне ўсхвалявалася АБСЕ, пра нешта кажа.

Эдзі Рама

Эдзі Рама


28 жніўня прайшло спецыяльнае пасяджэнне Пастаяннага савета АБСЕ, якое было прысвечанае сітуацыі ў Беларусі. Дзеючы старшыня АБСЕ, прэм’ер-міністр Албаніі Эдзі Рама ў чарговы раз прапанаваў каардынацыю дыялогу паміж уладамі Беларусі і пратэстоўцамі. Пры гэтым, падкрэсліў ён, павінна быць «неадкладнае і значнае паляпшэнне сітуацыі ў галіне правоў чалавека ў краіне». «Не калі-небудзь у будучыні, а прама цяпер, без усялякіх “калі” і “але”, — заявіў Рама. — Немагчыма паверыць у тое, што можа быць надзейны працэс дыялогу, калі адзін з бакоў імкнецца знішчыць саму сутнасць плюралістычнага грамадства». Рама адзначыў, што сітуацыя ў Беларусі павінна быць «урэгуляваная ў Мінску і самім народам краіны пры поўнай павазе суверэнітэту, незалежнасці і правоў чалавека».

Тым часам міністры замежных спраў краін — сябраў Еўрапейскага саюза дамовіліся вызначыць спіс беларускіх чыноўнікаў, супраць якіх будуць уведзеныя санкцыі за фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалт з пратэстоўцаў. Віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай камісіі, высокі прадстаўнік ЕС па пытаннях знешняй палітыкі і бяспекі Жазэп Барэль заявіў, што спіс асобаў і адпаведныя прававыя акты будуць падрыхтаваныя бліжэйшымі днямі працоўнымі групамі Савета ЕС, каб канчатковае рашэнне было прынята як мага хутчэй.

aux_1595083044_1_1.jpg


Украіна таксама дапускае ўвядзенне санкцый супраць Беларусі з-за фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і падаўлення мірных пратэстаў, заявіў кіраўнік украінскага МЗС Дзмітрый Кулеба. «Пазіцыя Украіны сінхранізаваная з нашымі партнёрамі з Еўрасаюза і ЗША. І мы будзем скаардынавана працаваць над тым, каб сітуацыя ў Беларусі стабілізавалася, каб народ Беларусі мог зрабіць свой выбар і сам вырашыць, якім чынам далей павінна развівацца краіна», — сказаў ён.

Лукашэнка ў адказ узрушыўся. Падчас паездкі ў Оршу 28 жніўня ён прыгразіў адказаць краінам, якія ўводзяць санкцыі супраць Беларусі. У прыватнасці, Літве і Польшчы ён прыгразіў закрыць паветраныя калідоры для самалётаў. Акрамя таго, ён заявіў, што беларускія грузапатокі перавядзе з літоўскіх портаў у іншыя.

Па-першае, ад закрыцця паветраных калідораў пацерпяць не Літва і Польшча, а Расія і Кітай — а іх-та за што? Па-другое, Сінявокая сур’ёзна ўклалася ў нафтавыя і калійныя тэрміналы ў той жа Клайпедзе. Будаваць такія ж тэрміналы ў той жа расійскай Усць-Луге — дорага. Спроба ўвасаблення ў жыце падобных заявак увогуле прывядзе як мінімум да «наменклатурнага перавароту», калі не горш.

А тым часам пратэст у Беларусі трывае. Акцыя салідарнасці супрацоўнікаў Акадэміі навук прайшла пад знакам «баннага дня»: даследчыкі прыйшлі з ручнікамі, венікамі, у лямцавых шапачках і з плакатамі «Не адмыешся!», «Чыстая навука», «Ідзіце ў лазню!», «Мы на чыстым баку».

2_mtfue_1.jpg


Як заўжды, людзі прыйшлі на плошчу Незалежнасці. Іх узяў у атачэнне АМАП, але ніхто не спужаўся.

«Ланцугі салідарнасці» стыхійна з’яўляюцца ў розных кропках Мінска.