Журналістам Сяргею Будкіну і Яўгену Шапчыцу не дазволілі весці здымкі ў сталічным клубе Re:Public

Канфлікт здарыўся 11 лістапада на канцэрце гурта Nizkiz. 



semka.jpg

snezhinka.7bb.ru

Дырэктар Re:Public Андрэй Старцаў перашкодзіў ажыццяўленню прафесійных абавязкаў журналістам Сяргею Будкіну і Яўгену Шапчыцу, якія здымалі сюжэт пра магілёўскую каманду для тэлеканалу «Белсат». Камеру загадалі выключыць, мікрафон схаваць і не весці здымкі мерапрыемства.

Журналіст Сяргей Будкін быў акрэдытытаваны на мерапрыемстве – гэта пацвердзілі прэс-службе ГА “БАЖ” дачынныя да акрэдытацыі асобы. Забарона на здымкі зыходзіла асабіста ад сп-ра Старцава. “У прыватнай размове кіраўнік Re:Public заявіў, што тэлеканалу, які не мае акрэдытацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, нельга заходзіць у ягоную «кватэру»”, – піша Tuzin.fm.

«Наш партал больш не будзе асвятляць мерапрыемствы, якія праходзяць у гэтым клубе, праз стаўленне кіраўніцтва пляцоўкі да журналістаў», ­– заяўляе партал.

У 2013 годзе аналагічным чынам журналістам “Белсату” не дазволілі здымаць у клубе “Гудвін” канцэрт гурта N.R.M, нагадвае прэс-служба БАЖ.

А ў 2012-м канфлікт быў з арганізатарамі канцэрта Аляксандра Кулінковіча ў тым жа «Гудвіне».

Прадстаўнік тэлеканалу “Белсат” у Беларусі Міхась Янчук тады пракаментаваў сітуацыю наступным чынам: “Асяроддзе, у якім мы дзейнічаем, мы ствараем самі. Калі свае сваіх будуць баяцца, то мы так запалохаем адзін аднаго да смерці... Калі ўжо мы вымушаныя працаваць на адной маленькай выспачцы свабоды, то нам трэба намагацца гэтую свабоду максімальна пашыраць, а не звужаць...”