Звольнілі галоўную рэдактарку часопіса «Маладосць»
Святлана Воцінава, галоўная рэдактарка літаратурнага часопіса «Маладосць», звольненая са сваёй пасады. Пра гэта яна распавяла TUT.BY.
Па словах Вацінавай, з ёй разарвалі кантракт.
— У мяне кантракт да 31 кастрычніка 2022 года. Але такое
рашэнне Міністэрства інфармацыі, я сыходжу. Збіраюся зараз (Сумна ўсміхаецца).
— Вы будзеце дапрацоўваць месяц?
— Не, я не буду. Мне сказалі [працаваць] да 1 сакавіка. Да
мяне якраз учора прыйшлі студэнты на практыку, я сканцэнтравала на іх увагу,
таму пагарачылася — напісала заяву, што 26 лютага — мой апошні працоўны дзень.
Сёння я пра тое пашкадавала і прашу, каб мяне адразу адпусцілі. Сэнс яшчэ
чатыры тыдні працы, рабіць яшчэ адзін нумар з улікам таго, што мая праца
прызнаная кепскай? Гэта проста нонсэнс. Я хачу сысці адразу.
— Хто палічыў вашу працу кепскай? Міністэрства інфармацыі?
— Або Саюз пісьменнікаў Беларусі. Ад іх была скарга, што
часопіс «Маладосць»... (Паўза). Яны ўвесь час скардзіліся, як мы
працуем. Гэтым разам іх скаргі былі прынятыя, разгледжаныя і задаволеныя.
Па словах галоўнага рэдактара «Маладосці», «запасных
аэрадромаў» ў яе няма — яна знаходзіцца ў пошуках працы.
Святлана Воцінава была галоўным рэдактарам часопіса з
2012-га. Як раз дзевяць гадоў таму выданне ўвайшло ў склад створанага
Выдавецкага дома «Звязда» (разам з газетамі «Звязда» і «Літаратура і мастацтва», часопісамі «Полымя», «Маладосць»).