Бюст Іосіфу Гашкевічу ўсталяваны ў японскім Хакадатэ
29 сакавіка ў прэфектуры Хакайда адбылася ўрачыстая цырымонія ўстаноўкі і асвячэння бюста ураджэнца Мінскай губерні і першага расійскага консула ў Японіі Іосіфа Гашкевіча ў Культурным цэнтры Хакадатэ
Пра гэта са спасылкай на сайт пасольства Беларусі ў Японіі паведамляе «Звязда».
Удзел у мерапрыемстве прыняў настаяцель праваслаўнага храма горада Мікалай Дзмітрыеў, кіраўнік аддзялення расійскага генконсульства ў Хакадатэ Барыс Сакалоў, а таксама прадстаўнікі філіяла Далёкаўсходняга федэральнага ўніверсітэта.
Пасол Беларусі ў Японіі Руслан Есін у сваім выступе перад удзельнікамі мерапрыемства адзначыў неабходнасць далейшай працы па захаванні агульнай гістарычнай спадчыны.
Бюст Іосіфа Гашкевіча працы савецкага скульптара Алега Комава ў 1989 годзе быў перададзены ў дар Таварыству памяці Гашкевіча ў Хакадатэ Саюзам савецкіх таварыстваў дружбы і культурных сувязяў з замежнымі краінамі. У 1990-х і 2000-х гадах прадпрымаліся неаднаразовыя спробы ўсталявання помніка ў адным з грамадскіх месцаў горада. У выніку мэтанакіраванай работы беларускага, расійскага і японскага бакоў у 2017–2019 гадах бюст заняў годнае месца ў Культурным цэнтры Хакадатэ.