Блюз-пятніца і фолк-субота на Oktoberfest у Камарова
2 і 3 кастрычніка ў кавярні Камарова village сыграюць блюз/блюз-рокавыя і фолкавыя гурты з “Крамай” і “Палацам” на чале.
Канцэртны дзень 2 кастрычніка Oktoberfest у Камарова адкрые Bluesville Station, які выступіць у пашыраным складзе: да дуэту Юрася Ускова (вакал, гітара) і Віталя Шышпаронка далучацца сябры з блюз-рокавага гурта Cross B Band, аднаго з важнейшых праектаў беларускай блюзавай сцэны апошняга 10-годдзя. Таксама ў якасці другога гітарыста, да Station далучыцца легендарны Сяргей Скрыпнічэнка — лідар гурта Zygimont Vaza. Разам музыкі выканаюць гадзінны сэт блюзавай класікі — ад чыкагскіх стандартаў да тэхаскага блюза.
Адмысловую праграму рыхтуюць і “П’яныя госці” — акустычны праект Аляксандра Памідорава і гітарыста Дзяніса Балахонава. Яны будуць граць як свае блюзавыя творы, так і класіку блюзу ды рок-н-ролу.
Завершыць блюзавы дзень гадзінным сэтам гурт “Крама”. Ігар Варашкевіч абяцае зрабіць ухіл на хіты гурта “пітной тэматыкі”.
Фольк-суботу 3 кастрычніка распачне праект Піта Паўлава — Paparać, які рэдка выступае ў Мінску і ваколіцах, але актыўна канцэртуе па Беларусі. У капэле Піта грае нязменны бубнач N.R.M. Алезіс Дземідовіч, вядомы беларускі музыка і гісторык Яраш Малішэўскі ды цымбалістка Алеся Шагун.
Гурт “Рокаш” прадставіць на Oktoberfest сваю “кастрычніцкую” праграму, куды сярод іншага ўвойдуць і прэм’еры. Скончыць вечар выступ гурту
“Палац” з найлепшымі песнямі. Алег Хаменка зазначае, што праграма будзе збудаваная такім чынам, каб пад спевы было зручней грукаць куфлямі — музыкі падбяруць свае самыя
вясёлыя і пазітыўныя песні.
Прыязджаць у Камарова (5 км. ад МКАД па Слуцкай шашы) можна на ўласным транспарце — схема праезда.
Таксама для гледачоў арганізаваныя бясплатныя маршрутныя таксі д/с Дружная-Камарова, Камарова – д/с Дружная з 16.00 да 0.00. Расклад руху можна паглядзець у афіцыйных суполках УКантакце і Facebook
Квіткі можна набыць праз Kvitki.by: папярэдні кошт 200 000 руб. (з улікам камісіі аператара), на ўваходзе – 250 000 руб. Даступныя таксама абанементы для тых, хто хоча наведаць адразу тры канцэрты, запланаваныя да 10 кастрычніка — выходзіць танней.
Інфалінія: +375 29 676-81-95