Да 1 верасня Нацыянальны мастацкі музей падрыхтаваў выставу адной карціны

З 27 жніўня па 1 верасня 2014 года Нацыянальны мастацкі музей запрашае школьнікаў і іх бацькоў з 27 жніўня па 1 верасня 2014 года ўключна наведаць выставу адной карціны.



litle_02510_00.jpg

1 верасня – Дзень ведаў. Для некага гэты дзень нічым не вылучаецца сярод астатніх, некаму ён дорыць прыемныя ўспаміны, а для некаторых становіцца сапраўдным святам. Кожны год 1 верасня распачынаецца новы, даволі сур’ёзны жыццёвы этап для мноства хлопчыкаў і дзяўчат, якія ўпершыню ідуць ў школу. Наперадзе іх чакае вывучэнне розных дысцыплін, адказы перад дошкай, адзнакі. Але ўсё гэта пазней, бо сёння свята!

Штогод да яго далучаецца і Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. Мастацка-выхаваўчая студыя “У госці да Цюбіка”, інтэрактыўныя музейныя праграмы, разнастайныя мерапрыемствы для дзяцей сталі ўжо шматгадовай практыкай. І вось яшчэ адзін важны крок у гэтым накірунку: запрашэнне першакласнікам наведаць музей у першы дзень іх школьнага жыцця. Свет жывапісу і скульптуры таксама патрабуе вывучэння, як і школьныя прадметы. Таму далучаць школьнікаў да гэтага свету патрэбна як мага раней.

Спецыяльна да 1 верасня Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь падрыхтаваў выставу адной карціны выдатнага мастака Анатоля Валянцінавіча Волкава (1908-1985) “1-га верасня” (1950 г., часткова перапісана каля 1960 г.) – адзін з лепшых твораў у жывапісу Беларусі на тэму школьнага дзяцінства. З 1950 па 2008 гг. гэта карціна экспанавалася на 12-ці выставах, у тым ліку ў Маскве і Бухарэсце, была апублікавана ў 19-ці кнігах і часопісах, неаднаразова рэпрадуцыравана. Мастак, сам бацька траіх дзяцей, з асаблівым пачуццём адлюстраваў мілыя клопаты дзяцінства ў першы школьны дзень.

Запрашаем усіх школьнікаў і іх бацькоў з 27 жніўня па 1 верасня 2014 года ўключна наведаць выставу адной карціны!

Уваход па білетах у музей.

Даведкі па тэл.: (017) 327 71 63.

artmuseum.by

Куратар праекта – Павел Стаяноўскі, спецыяліст па маркетынгу аддзела навукова-асветніцкай дзейнасці Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, тэл. (017) 327 45 62; куратар выставы – Валянціна Уладзіміраўна Вайцэхоўская, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснага беларускага мастацтва, тэл. (017) 328 68 36.