Дэ Ніра адмяніў паказ скандальнага фільма пра вакцынацыю і аўтызм
Кіраўніцтва амерыканскага кінафестывалю Трайбека прыняло рашэнне не паказваць скандальны фільм «Вакцыніраваныя: ад падробкі да катастрофы», які распавядае пра нібыта існуючую сувязь паміж вакцынацыяй дзяцей і аўтызмам, паведамляе BBC.
Адзін з сузаснавальнікаў фестывалю акцёр Роберт Дэ Ніра яшчэ напярэдадні адстойваў уключэнне фільма ў праграму фестывалю. Але ўрэшце ён заявіў пра рашэнне адмяніць прэм'еру.
«Мой намер паказаць гэты фільм тлумачыўся жаданнем пачаць размову аб праблеме, якую я і мая сям'я ўспрымаем як глыбока асабістую. Аднак ізноў абмеркаваўшы гэтае пытанне з камандай
фестывалю Трайбека і прадстаўнікамі навуковай супольнасці, мы палічылі, што фільм не спрыяе дыскусіі, на якую я спадзяваўся. Фестываль не спрабуе абысці вострыя пытанні або пазбегнуць супярэчнасцяў.
Але ў нас ёсць занепакоенасць з нагоды некаторых аспектаў фільма, з-за якіх мы вымушаны адмяніць яго паказ на фестывалі», — цытуе словы Роберта Дэ Ніра афіцыйны акаўнт фестывалю ў
Фэйсбуку.
Першапачаткова арганізатары Трайбека адмовіліся ўключаць фільм у праграму, але Роберт Дэ Ніра на правах аднаго з заснавальнікаў фестывалю заступіўся за яго і настойваў на паказе.
«У нас з Грэйс ёсць дзіця, які пакутуе на аўтызм, і мы лічым, што вельмі важна адкрыта абмяркоўваць і разглядаць усе пытанні, так ці інакш звязаныя з гэтай праблемай. За ўсе 15 гадоў
існавання фестывалю я ні разу не ўмешваўся ў працэс адбору фільмаў для яго. Аднак для мяне і маёй сям'і гэта вельмі асабістае пытанне, і я хачу пачатку дыскусіі па гэтай тэме, таму мы пакажам
«Вакцыніраваных». Я не падзяляю погляды аўтараў фільма, я не выступаю супраць вакцынацыі, я толькі хачу, каб гэтую тэму пачалі абмяркоўваць», — заявіў тады Роберт
Дэ Ніра.
Рашэнне Трайбека і асабісты ўдзел у гэтай справе Дэ Ніра тут жа выклікала вострую крытыку з боку амерыканскай прэсы. Напрыклад, Los Angeles Times апублікаваў артыкул пад назвай «Як
фестываль Трайбека Роберта Дэ Ніра прадаўся псіхаваным праціўнікам вакцынацыі».
Тэзіс пра сувязь вакцынацыі з аўтызмам, які гучыць у фільме, лічыцца экспертамі не проста антынавуковым, але і ашуканскім.
Фільм «Вакцыніраваныя» зняты былым лекарам з Брытаніі Эндру Уэйкфілдам, які напрыканцы 1990-х гадоў вывучаў магчымую сувязь дзіцячых прышчэпак ад адзёру, краснухі і свінкі з
магчымасцю атрымаць цяжкую хваробу — аўтызм.
Сваю тэорыю Уэйкфілд выклаў у 1998 годзе ў артыкуле ў самым аўтарытэтным медыцынскім часопісе Lancet.
Вынікі даследаванняў Уэйкфілда былі правераны яго калегамі-лекарамі па ўсім свеце, і аніводная лабараторыя так і не пацвердзіла яго гіпотэзу.
Суаўтары Уэйкфілда абвінавацілі яго ў свядомай падтасоўцы вынікаў даследавання, а часопіс Lancet афіцыйна адклікаў публікацыю.
Тым не менш, тэорыя Уэйкфілда паспела сур'ёзна паўплываць на грамадскую думку ў Вялікабрытаніі, Ірландыі і Злучаных Штатах — ва ўсіх гэтых краінах істотна знізілася колькасць
вакцыніраваных дзяцей, што, у сваю чаргу, прывяло да росту дзіцячага захворвання на адзёр, краснуху і свінку, у тым ліку са смяротным зыходам.
Эндру Уэйкфілд працягвае настойваць на сваёй праваце.
У сумеснай заяве Уэйкфілд і прадзюсар фільма «Вакцыніраваныя» Дэль Бігтры асуджаюць рашэнне Дэ Ніра і сцвярджаюць, што ім не далі шанцу выступіць у сваю абарону.
«Мы толькі што сталі сведкамі чарговага прыкладу абмежаванняў свабоды слова, мастацтва і праўды з боку моцы карпаратыўных інтарэсаў. Рашэнне Трайбека не зможа пазбавіць свет доступу да праўды, якую распавядае фільм «Вакцыніраваныя», — цытуе заяву Associated Press.
Фестываль Трайбека пройдзе ў Нью-Ёрку з 13 па 24 красавіка.