Фарбы і мелодыі восені
У мінскай бібліятэцы № 15 імя Цёткі адбылася музычна-паэтычная вечарына «Фарбы і мелодыі восені». Беларускія паэты чыталі свае вершы, прысвечаныя залатой пары года, і шчыра дзяліліся рамантычнымі гісторыямі са свайго жыцця, у якіх таксама было шмат лірыкі.
Адкрыла імпрэзу супрацоўніца гасціннай бібліятэкі Юлія Гвоздзева — яна зачытала верш аб восені.
Правяла і арганізавала творчы вечар Таццяна Барысюк — паэтка, крытык, літаратуразнаўца, перакладчыца і празаік, навуковы супрацоўнік аддзела ўзаемасувязей літаратур Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі.
Таццяна Барысюк з’яўляецца вынаходніцай новай цвёрдай формы ў паэзіі — «залатое сячэнне». Яна прачытала шмат сваіх вершаў, у прыватнасці, з нізкі «Платанічнае каханне», а яшчэ пазнаёміла гасцей з народнымі восеньскімі прыкметамі і святамі на гэты дзень.
Першым выступіў паэт Алег Грушэцкі, аўтар беларускага прыгодніцкага фэнтэзі «Рыцар Янка і каралеўна Мілана», якое, паводле слоў літаратуразнаўцы Таццяны Барысюк, вартае экранізацыі.
Апроч сваіх вершаў восеньскай тэматыкі, ён зачытаў яшчэ і хоку — нерыфмаваныя трохрадковыя вершы японскай паэзіі, на напісанне якіх паэта падштурхнула, як ён прызнаўся, уласна сама Таццяна.
Паэт і празаік Юрась Нераток не толькі прачытаў вершы са сваёй кнігі, але і па-сапраўднаму ўсіх здзівіў, асабліва прысутных жанчын, якіх, да слова, у зале была большасць. У яго атрымалася стварыць верш, у якім у паэтычнай форме пералічаны большасць жаночых імён, якія сустракаюцца ў нашай краіне. І ўвогуле, паводле яго меркаванняў, толькі дзякуючы жанчынам наша культура сёння захоўваецца і развіваецца.
Паэт і журналіст Зміцер Арцюх, адзін з заснавальніка Паэтычнага тэатра «Арт. С», з лёгкасцю і лірычным натхненнем, вартай лепшых драматычных акцёраў, усе свае вершы дэкламаваў на памяць, чым заслужыў вялікую павагу прысутных.
Калі паэт Алег Грушэцкі параўноўваў восеньскую пару з золатам, багаццем, то паэт Рагнед Малахоўскі палічыў, што яе варта параўноўваць з рэдкім беларускім сонцам, якое таксама бывае і залатым, і чырвоным, як і колеры нашай восені. І яго прыгожыя вершы восеньскай тэматыкі добры таму доказ.
У музычнай частцы вечарыны прагучаў музычны твор на словы Таццяны Барысюк у выкананні таленавітага кампазітара, саксафаніста, піяніста і педагога Вольгі Воінскай — на фартэпіяна. Паводле яе слоў, вершы Таццяны вельмі мілагучныя і добра кладуцца на музыку.
Чакалі прысутных гледачоў і слухачоў не толькі вершы і музычны выступ, але і інтэлектуальная віктарына з памятнымі прызамі. А яшчэ была выдатная магчымасць пазнаёміцца з творчымі выставамі, якія ў гэты час праходзяць у бібліятэцы.