Фестываль «Рок па вакацыях» адсвяткуе 20-годдзе

Штогадовы фестываль беларускай музыкі «Рок па вакацыях» у гэтым годзе адсвяткуе сваё 20-годдзе. У юбілейным канцэрце, які адбудзецца 13 верасня ў клубе «Цэнтр», прымуць удзел ветэраны беларускага року і адносна маладыя гурты.



afisha.jpg

Фестываль «Рок па вакацыях» — знакавае мерапрыемства для сучаснай беларускай культуры. У пачатку 90-х гадоў у маладой беларускай рок-супольнасці ўзнікла ідэя зладзіць для школьнікаў і студэнтаў свята нефармальных зносін пасля летняга адпачынку і паказаць гатовасць музыкаў да новага канцэртнага сезону.

Першы фестываль адбыўся 1 верасня 1993 году і да 1998 году праходзіў штогадова. Пасля наступіла працяглая паўза. З новымі арганізатарамі «Рок па вакацыях» адрадзіўся ў 2008 годзе і зноў адбываецца штогод.

На канцэрце, прысвечаным юбілею «Року па вакацыях», выступяць музыкі, якія гралі яшчэ на першых фестывалях, — N.R.M., «Крама», Neuro Dubel, «Палац», Кася Камоцкая. Да іх далучацца гурты, якія атрымалі папулярнасць у апошнія гады, — Re1ikt, Naka, «Зьмяя». Яшчэ адным сюрпрызам стане выступ расійскага рок-музыкі Вадзіма Курылёва, удзельніка гуртоў «Электрические партизаны», «Разные люди», ДДТ.

13 верасня, клуб «Цэнтр» (пл. Кастрычніцкая, 1; у будынку Палаца Рэспублікі). Пачатак у 18:00. Квіткі: 90 000 (танцпляц, папярэдне), 110 000 (танцпляц, у дзень канцэрта); 110 000 (столікі за танцполам, папярэдне), 130 000 (столікі за танцполам, у дзень канцэрта); 260 000 (столікі збоку на дваіх, папярэдне), 280 000 (столікі збоку на дваіх, у дзень канцэрта); 1 300 000 (VIP-кабінкі на 10 чалавек, папярэдне), 1 500 000 (VIP-кабінкі на 10 чалавек, у дзень канцэрту). Квіткі даступныя ва ўсіх касах kvitki.by (толькі на танцпол, месцы за столікамі — у арганізатараў). Даведкі: +375 29 6715865, +375 29 2544909.