Фотавыстава Міколы Лінніка «Няўлоўны міг схапіць…»
Выстава Міколы Лінніка адчынілася вечарам 9 кастрычніка ў Мінску, у мастацкай галерэі «Вільнюс», што месціцца ў гарадской публічнай бібліятэцы №18 па Каліноўскага, 55. У экспазіцыі, прысвечанай 50-годдзю творчай дзейнасці аўтара і ягоным бацькам, якія сышлі ў лепшы свет, прадстаўлены 77 фотаздымкаў розных гадоў, зробленых на Беларусі і Украіне.
Мікола Ліннік сярод сваіх твораў. Фота Марата Гаравога
Мікола Ліннік нарадзіўся 3 сакавіка 1954 году ў вёсцы Порычы на Валожыншчыне (Мінская вобласць). Пасля заканчэння Мінскага радыётэхнічнага інстытуту (МРТІ) больш за 30 год працуе інжынерам ў філіі міжгароднай сувязі «Белтэлекаму». Краязнаўствам, журналістыкай і фатаграфіяй захапляецца з школьных гадоў. Інфармацыйныя, публіцыстычныя і краязнаўчыя матэрыялы Міколы Лінніка публікаваліся ў многіх мясцовых і нацыянальных газетах, а таксама ў часопісах «Дзеяслоў» (Беларусь) і «Военна історія» (Україна). Свае фотаздымкі аўтар неаднаразова дэманстраваў на розных выставах у Беларусі і Расіі.
Як адзначыла дырэктарка бібліятэкі Алена Сухадолава, за 15 гадоў існавання галерэі «Вільнюс» сваю творчасць ў ёй прадставілі каля 200 мастакоў і творчых калектываў.
«Кожны творца, які выстаўляецца ў нашай галерэі, дорыць ёй адну з сваіх прац. Так што ў нас ўтварыўся выдатны збор твораў айчыннага выяўленчага мастацтва, які экспануецца як ў Беларусі, так і за яе межамі», — сказала дырэктарка бібліятэкі.
Паводле яе слоў, экспазіцыя прац Міколы Лінніка — адна з нямногіх фотавыставаў у мастацкай галерэі. «Я шмат гадоў ведаю гэтага апантанага чалавека, як нашага чытача. Я лічыла, што гэты творца, які дасканала валодае беларускай мовай, з’яўляецца навукоўцам ці літаратарам. Аказалася, што Мікола Ліннік — прафесійны інжынер, які захапляецца айчыннай гісторыяй і культурай, друкуецца ў перыёдыцы, грунтоўна даследуе падзеі, звязаныя з славутай перамогай войскаў Вялікага Княства Літоўскага пад кіраўніцтвам Альгерда над татарамі ў бітве на Сіняй Вадзе, што адбылася каля вёскі Уланіў на Віннічыне ва Украіне восенню 1362 году. Акрамя таго, Мікола Ліннік сур’ёзна захапляецца фатаграфій і сёння прадставіў нам гэтую цудоўную выставу, якая цэлы месяц будзе цешыць чытачоў і супрацоўнікаў бібліятэкі», — сказала Алена Сухадолава.
Куратар выставы, мастацтвазнаўца Кацярына Зверава падкрэсліла, што галоўнае ў працах Міколы Лінніка — любоў да сваёй Бацькаўшчыны, добры настрой на ўсё светлае і прыгожае, без чаго цяжка жыць, талент убачыць гэты свет і прыгажосць, спыніцца перад імі, каб зафіксаваць і падарыць людзям.
Аўтар выставы звярнуў увагу на тое, што яе назва «Няўлоўны міг схапіць…» — з верша паэта, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Міхася Башлакова. «На самой справе фатографу амаль немажліва паўтарыць той момант, калі шараговы здымак становіцца творам. Так, у экспазіцыі дэманструюцца здымкі папараць-кветкі, зробленыя ў адным месцы з інтэрвалам у год. На першым здымку сярод папартніку расквітнела турэцкая гваздзічка, а на другім — прарасла незабудка. Я не аднойчы спрабаваў зрабіць паўторныя здымкі некаторых месцаў, але кожны раз атрымлівалася нешта новае, непаўторнае. Як непаўторная наша маладосць і нашае жыццё», — сказаў Мікола Ліннік.
На ягоную думку, станоўчыя адносіны да жыцця дазваляюць перамагчы ягоныя шматлікія складанасці і праблемы. «Вось чаму паўсюды я шукаю прыгажосць. І нездарма выбраў для выставы менавіта гэты час, калі прырода рыхтуецца да зімовага сну, але яшчэ не страціла сваёй восеньскай прыгажосці», — сказаў фотамастак. Ён выказаў шчырую ўдзячнасць куратару выставы Кацярыне Зверавай за тое, што яна ўклала сваю душу ў гэтую экспазіцыю.
Міколу Лінніка павіншавалі яго былыя аднакласнікі і студэнты МРТІ, калегі па працы, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі і сябры.
Выстава працуе па 11 лістапада.
Фота Марата Гаравога.
.
Фрагменты выставы
Папараць-кветка з турэцкай гваздзікай
Папараць-кветка з незабудкай
Родная вёска