Гурт Relikt прэзентуе кліп з мінулага жыцця (відэа)
Relikt пераехалі ў Польшчу і прэзентавалі кліп, які здымалі да каронавіруса і рэвалюцыі
![psjtgealf78.jpg psjtgealf78.jpg](/img/v1/images/psjtgealf78.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Беларускі гурт Relikt выпусціў музычнае відэа да кампазіцыі “Не задавай сэрцу тугі” з альбома “Дрэва жыцця”.
“Сюжэт роліка настолькі просты, што можа падацца, быццам яго няма наогул”, — зазначае лідар гурта бубнач Аляксандр Дземідзенка.
“Мы гуляем па горадзе, займаемся творчасцю з сябрамі ў студыі і прыгадваем усё тое найлепшае, з чаго складалася жыццё беларусаў: сустрэчы, размовы, шпацыры… Усё тое, што кожны мог рабіць раней не задумваючыся, але чаго цяпер шмат хто пазбаўлены. І ўсё ж не трэба губляць надзеі, бо разам можна пераадолець любыя абставіны, і пра гэта ўласна і вядзецца ў песні”, — звяртае ўвагу музыка.
Кліп здымаўся падчас запісу дыска “Дрэва жыцця” ў 2019 годзе на вуліцах Мінска і ў студыі Everest Паўла Сінілы, дзе да нядаўняга часу стваралася бадай што ўся сучасная беларуская музыка.
У здымках “Не задавай сэрцу тугі” паўдзельнічаў Юрка Асеннік — культавая фігура беларуска-польскага андэграўнду, падляшскі беларус, які не толькі стварыў вокладку дыска, але і адмыслова наведаў Мінск, каб запісаць вакальную партыю для трэка.
![aliaksandr_dziemidzenka_relikt_drums.jpg aliaksandr_dziemidzenka_relikt_drums.jpg](/img/v1/images/aliaksandr_dziemidzenka_relikt_drums.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Рэжысёрам музычнага відэа зноў выступіў Кірыл Чычэліс, які раней зняў для Relikt кліпы “Туман у мора” і “Прыйшоў гэты дзень”.
Цяпер гурт перабраўся ў Польшчу і рыхтуе прэзентаваць свой новы рэліз, запісаны на Радзіме.
Relikt — беларускі гурт, які аб’ядноўвае сучасныя музычныя плыні з глыбінным беларускім фальклорам. Музыкі знітоўваюць мінулае з сучаснасцю, паказваючы яго ў нязвыклым выглядзе і робячы актуальным для слухачоў, якія шукаюць у музыцы нешта новае.
У дыскаграфіі каманды 7 студыйных альбомаў, 2 канцэртныя DVD і 13 відэакліпаў. Гурт атрымаў шэраг музычных узнагарод у Польшчы і Беларусі (Гран-пры — фестываль Jesień Bardów, Гран-пры і прыз глядацкіх сімпатый — фестываль Rockowisko Hajnowka, «Альбом года» — фестываль «Даём рады» (Euroradio.fm, Беларусь), «Лепшы рок-альбом», «Прыз народных экспертаў», «Прыз штатных экспертаў» — Experty.by (Беларусь), «Артыст года», «Альбом года» — прэмія Rock Profi), выступаў ва Украіне і Літве.
Паводле прэс-рэлізу