Гурт Yellow Power прадставіў у сеціве першы альбом «Цяпло»
Першага лютага адбылася прэм’ера дэбютнага альбома менскага гурта Yellow Power — «Цяпло». Гурт, які атрымаў гран-пры фестывалю «Басовішча» ў 2011 годзе, ішоў да свайго першынца ажно сем год.
![yp_ciaplo.jpg yp_ciaplo.jpg](/img/v1/images/yp_ciaplo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Увесь гэты час мы развіваліся як музыкі ды вучыліся рабіць ўсё самастойна: ад першаснага ўнутранага імпульсу, ягонага развіцця ў паўнавартасную песню да запісу і звядзення. Менавіта таму альбом, запіс якога мы распачалі напрыканцы 2015, атрымалася завяршыць толькі ў снежні 2017», — адзначаюць удзельнікі гурта.
Інтравертныя ды самапаглыбленыя тэксты вакаліста Дзяніса Пуцікава захоплены ў павуцінне гітарных ды сінтэтычных сугуччаў. Такі падыход нагадвае пост-панк пачатку 80-х, хоць у музычным сэнсе гэтае падабенства не настолькі відавочнае.
![band_photo.jpg band_photo.jpg](/img/v1/images/band_photo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
«Альбом «Цяпло» — першая выспа з нашай ўнутранай імперыі, дзе мы намагаемся адладзіць уласны музычны сусвет без стылістычных абмежаванняў ды клішэ», — дадаюць музыкі.
У гурце побач з Дзянісам прымаюць удзел Ілля Пуцікаў (гітара), Іра Забэла (клавішы) ды Яўген Пыльчанка (бас). Дзяніс Кудраўцаў з гурта Sinie Gory дапамагае з бубнамі.
Цягам бліжэйшага месяца музыкі плануюць правесці жывую канцэртную прэзентацыю ў адным з менскіх клубаў.
Паслухаць можна тут.
Паводле прэс-рэліза