Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі праводзіць Тыдзень роднай мовы

Інстытут мовазнаўства Акадэміі навук з 20 па 27 лютага ладзіць шэраг мерапрыемстваў, прымеркаваных да Дня роднай мовы. Гэта — лекцыі, круглыя сталы, прэзентацыі, віктарыны, інтэрактыўныя заняткі, сустрэчы, культурна-асветніцкія і адукацыйна-забаўляльныя мерапрыемствы. Усе яны прысвечаны праблеме захавання, развіцця і папулярызацыі беларускай мовы.



_belarus_minsk_mova_lacinica_fota_novy_czas_logo.jpg


20 лютага курсантамі Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь падчас гутаркі “Дзень роднай мовы” распавядуць пра прававыя аспекты функцыянавання беларускай мовы як дзяржаўнай у Рэспубліцы Беларусь.
У аўторак, 21 лютага, у Дзень роднай мовы, з 13.00 да 14.00 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН адбудзецца Рэспубліканская дыктоўка па беларускай мове. Усе, хто хоча праверыць свае веды, могуць прайсці дыктоўка ў рэжыме анлайн праз платформу Zoom. Дыктоўка будзе транслявацца таксама па канале "Культура" Беларускага Радыё".
У сераду, 22 лютага, пройдзе круглы стол "Мастацкі пераклад ва ўмовах блізкароднаснага білінгвізму: праблемы і перспектывы", на якім будуць раскрыты асаблівая значнасць бікультурнасці і блізкароднаснага беларуска-рускага білінгвізму, уласцівых гісторыка-культурнай сітуацыі Беларусі, як перакладазнаўчай праблемы. Таксама на базе БДУ пройдзе круглы стол "Перспектывы развіцця беларускай этналінгвістыкі".
Увечары ў сераду, 22 лютага, адбудзецца прэзентацыя "Беларускі N-корпус 2023: новае ў праекце і планы на будучыню" (платформа Zoom).
Беларускі N-корпус – першы публічны збор тэкстаў беларускай мовы з пашыранай магчымасцю пошуку. Праект складаецца з некалькіх частак: уласна корпуса тэкстаў (XVI–XXI стст.), корпуса перакладаў Бібліі на беларускую мову, граматычнай базы беларускай мовы (265 тыс. слоў), беларускай праверкі арфаграфіі і інш. Корпус мае шэраг падкорпусаў: выданні Францыска Скарыны, тэксты ХІХ ст., тэксты 1945–2023 гг. і інш. Аб’ём корпуса — ~1,07 млрд слоў. Граматычная база змяшчае каля 265 тыс. cлоў і ~4.5 млн словаформаў. Калі выдаць яе на паперы, то атрымаецца 50–60 тамоў (37 тыс. старонак) такога фармату, як “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы” (у 5 тамах). Для ўсіх, хто карыстаецца беларускай мовай, будзе карысны і анлайнавы сэрвіс праверкі арфаграфіі, які дапаможа пазбавіцца ад памылак у тэксце, напісаным па-беларуску афіцыйным правапісам. Таксама на старонцы сэрвісу вы можаце спампаваць праграму праверкі арфаграфіі для розных браўзераў, аперацыйнай сістэмы Windows (уключна з Skype, Microsoft office і г. д.), тэкставага рэдактара LibreOffice/OpenOffice, паштовага кліента Mozilla Firefox/Thunderbird і інш.
У суботу, 25 лютага, навукоўцы сустрэнуцца з настаўнікамі і вучнямі Мікалаеўшчынскай сярэдняй школы імя Якуба Коласа, у рамках якой будзе праведзена гутарка "Родная мова, цудоўная мова..." . У ходзе сустрэчы будзе разгледжана творчасць Якуба Коласа ў кантэксце беларускай класічнай літаратуры, паказана развіццё творчых традыцый у дзейнасці літаратурнага аб'яднання "Маладая класіка" Мікалаеўшчынскай сярэдняй школы.
У нядзелю, 26 лютага, пройдзе віктарына "Роднае слова на старонках слоўнікаў" у нядзельнай школе парафіі роўнаапостальнай княгіні Вольгі ў Мінску. Віктарына, у якой прапанаваны разнастайныя заданні па лексіцы беларускай мовы, накіравана на павышэнне ўзроўню валодання беларускай мовай і ўдасканаленне культуры маўленчых зносін.

З праграмай цалкам можна азнаёміцца тут.