Юбілеям “Пагоні” і Алеся Мары прысвячаецца

Вечарам 24 лістапада ў Палацы мастацтва адкрылася выстава, прысвечаная 25-годдзю суполкі “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў і 75-годдзю аднаго з заснавальнікаў суполкі і яе нефармальнага лідара, выбітнага беларускага мастака і грамадскага дзеяча Алеся Мары (Аляксея Марачкіна).



У экспазіцыі прадстаўлены лепшыя творы выяўленчага і дэкаратыўна-ужытковага мастацтва, створаныя “пагонічамі” цягам чвэрці стагоддзя. Сярод іх — сюжэтныя карціны, краявіды, партрэты, зброя і даспехі.

Алесь Мара да сваёй чарговай юбілейнай выставы падрыхтаваў шэраг новых твораў жывапісу, у тым ліку “Маці Божую Нябеснай сотні” і “Двубой, альбо супраціў двухгаловаму мутанту” — прысвячэнні героям украінскага Майдану і барацьбе народу Украіны супраць расійскай агрэсіі, а таксама партрэт бацькі, вясковага бібліятэкара Антона Мікалаевіча Марачкіна, які прыйшоў з Другой сусветнай вайны з ордэнам Баявога Чырвонага Сцягу, прывёз сыну паштоўкі з выявамі твораў сусветнай мастацкай класікі з парыжскага Луўру і Дрэздэнскай карціннай галерэі ў Нямеччыне, чым заахвоціў інтарэс хлопчыка да выяўленчага мастацтва.

pagonja_25_2_logo.jpg

 Мікола Купава. Наваградскі замак

Старшыня Беларускага саюзу мастакоў Рыгор Сітніца прапанаваў хвілінай маўчання ўшанаваць памяць сяброў суполкі “Пагоня”, што адышлі ў лепшы свет. Сярод іх — Уладзімер Сулкоўскі, Сяргей Цімохаў, Віктар Маркавец, Тодар Копша, Генадзь Сокалаў-Кубай, Генадзь Асташонак, Віктар Сташчанюк, Яўген Кулік, Яўген Шатохін, Пятро Шарыпа, Кастусь Харашэвіч, Лявон Раманоўскі, Вольга Раманоўская, Міхась Раманюк, Яўген і Генрых Ціхановічы, Віктар Шматаў і Рыгор Кійко.

Рыгор Сітніца нагадаў, што суполка “Пагоня” згуртавала мастакоў, якія спавядаюць і шануюць беларускія нацыянальныя святыні, без якіх беларусы не могуць называцца нацыяй. Старшыня БСМ звярнуў увагу на тое, што выстава Аляксея Марачкіна яскрава засведчыла — 75-гадовы мастак знаходзіцца ў самым росквіце творчых сілаў.

pagonja_25_8_logo.jpg

Алесь Мара. Маці Божая Нябеснай сотні

Старшыня “Пагоні” Генадзь Драздоў узгадаў слаўнае мінулае суполкі, што пачыналася ў 1970–1980-я гады з сходаў мастакоў (Аляксея Марачкіна, Віктара Маркаўца, Міколы Купавы, братоў Уладзімера і Міхася Басалыгаў) у майстэрні Яўгена Куліка, якая месцілася “На паддашку” ў доме на цэнтральным праспекце беларускай сталіцы насупраць будынку КГБ. Сярод апошніх творчых акцый суполкі, што налічвае 54 мастакі, спадар Генадзь назваў выставы, прысвечаныя Курапатам, юбілеям Міхала Клеафаса  Агінскага і Аршанскай бітвы. Зараз сябры суполкі рыхтуюць густоўны каталог “Пагоні”, што пабачыць свет у бліжэйшы час, сказаў Генадзь Драздоў.  

Ён распавёў карэспандэнту НЧ, што па патрабаванні прадстаўніцы Міністэрства культуры з выставы былі знятыя тры творы — жывапісныя палотны Алеся Мары “Двубой, альбо супраціў двухгаловаму мутанту”, Алеся Пушкіна “Памяці беларусаў, загінулых за Украіну” і партрэт амерыканскай мастачкі беларускага паходжання Галіны Русак работы Віктара Маркаўца. Прычым, апошняе палатно знялі толькі за тое, што фон карціны нагадаў цэнзаршы бел-чырвона-белы сцяг, сказаў Генадзь Драздоў. 

Выстава працуе да 29 лістапада.