Генадзь Драздоў: з выставы суполкі “Пагоня” знятыя пяць працаў мастакоў

З юбілейнай выставы творчай суполкі “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў, што вечарам 24 лістапада адкрылася ў сталічным Палацы мастацтва, знятыя пяць твораў “пагонічаў”, паведаміў карэспандэнту НЧ старшыня суполкі Генадзь Драздоў.



pahonia_25_8_logo.jpg

Алесь Мара. Маці Божая Нябеснай сотні

Апроч жывапісных палотнаў Алеся Мары (Аляксея Марачкіна) “Двубой, альбо супраціў двухгаловаму мутанту”, Алеся Пушкіна “Памяці беларусаў, загінулых за Украіну” і партрэту амерыканскай мастачкі беларускага паходжання Галіны Русак работы Віктара Маркаўца, пра якія ўжо паведамляў НЧ, з экспазіцыі былі знятыя карціна Алеся Цыркунова, прысвечаная бітве пад кляштарам Монтэ-Касіна ў Італіі, дзе ў траўні 1944 года ў барацьбе з нацыстамі загінулі 264 нашы суайчыннікі розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў, а таксама плакат Уладзімера Крукоўскага “Што мы за людзі?”.

Мы пакуль дакладна не ведаем, хто зняў гэтыя творы — супрацоўнікі Міністэрства культуры альбо прадстаўнікі кіраўніцтва Беларускага саюзу мастакоў. Але паколькі гэта зроблена без узгаднення з кіраўніцтвам нашай суполкі, аўтары твораў пішуць заявы ў прэзідыум творчага аб’яднання з просьбай патлумачыць, чаму гэта было зроблена”, — зазначыў Генадзь Драздоў.