Орша. Кіраўніца ідэалагічнага аддзела ўбачыла ў арнаменце бел-чырвона-белы сцяг і загадала прыбраць

Гледачы канцэрта, прысвечанага 85-м угодкам Уладзіміра Караткевіча, магчыма, нічога і не заўважылі. Бо да самага пачатку іх не пускалі ў залу, пакуль мянялі афармленне сцэны, адмыслова зробленае да юбілею пісьменніка-земляка.



arnament_belaruski.jpg

Фота з сайта spring96.org

Загадчыца раённага аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Ганна Святлова ўбачыла ў афармленні сцэны традыцыйны арнамент, намаляваны чырвонай фарбай на белым фоне. І заявіла, што здалёк гэта можна прыняць за "апазіцыйны" бел-чырвона-белы сцяг. Тэхнічныя работнікі гарадскога цэнтра культуры мусілі выконваць тэрміновы загад — завешваць арнамент стылізаванымі ручнікамі. Але былі настолькі здзіўленыя, што не маглі не падзяліцца ўражаннямі са сваімі знаёмымі. І цяпер у Воршы шырока абмяркоўваюць, наколькі "асцярожнічае" чыноўніца, калі нават арнамент падаецца ёй "крамольным". Асабліва ўражвае, што такія перасцярогі праявіліся ў адмысловы для ўсіх аршанцаў дзень — 26 лістапада, на ўгодкі пісменніка-земляка Уладзіміра Караткевіча.

Яшчэ пра адну перасцярогу аматары беларускага мастацтва даведаліся 27 лістапада. Аказваецца, Ліна Гатоўская, дырэктарка музея Уладзіміра Караткеівча, нечакана адмяніла канцэрт Сяргея Доўгушава, артыста дзяржаўнай філармоніі, удзельніка Harmonic style project, SD і групы «Вурай». Спявак распавёў, што атрымаў афіцыйнае запрашэнне выступіць, скарэктаваў для гэтага свой канцэртны графік і раптам за дзень да канцэрту атрымаў адмову па электроннай пошце. Разам з прабачэннямі дырэктарка музея патлумачыла артысту прычыны: маўляў, літаральна напярэдадні былі ўнесены змены ў праграму, і замест яго вырашана было ўключыць у канцэрт іншых, мясцовых выступоўцаў.

Дарэчы, Сяргей Доўгашаў таксама лічыць сябе "мясцовым" — ён нарадзіўся на Аршаншчыне, не аднойчы тут выступаў, у тым ліку і ў музеі Уладзіміра Караткевіча. Аднак, паводле ягоных словаў, усе стасункі з гэтай установай ён гатовы спыніць.

spring96.org