Рукапіс другой кнігі «Каласоў...» існаваў. Яго выкралі «адпаведныя службы»
У Горадні ўспаміналі пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. «Ён прыязджаў у Горадню шмат разоў. Любіў горад, невыпадкова Хрыстос у Гародні прызямліўся. Для яго гэта быў, мабыць, самы любімы горад», — зазначыў прафесар Аляксей Пяткевіч.
Малады даследчык Дзяніс Марціновіч з Мінску мяркуе, што славуты раман «Каласы пад сярпом тваім» меў працяг і што адной з яго частак, у прыватнасці, магло быць апавяданне, вядомае сёння пад назвай «Сіняя-сіняя».
Дзяніс Марціновіч
Прафесар Аляксей Пяткевіч, які сябраваў з пісьменнікам, лічыць, што раман быў закончаны, але рукапіс выкралі «адпаведныя службы».
Дзяніс Марціновіч прадставіў сваю кніжку «Жанчыны ў жыцці Уладзіміра Караткевіча». Паводле яго, іх было трынаццаць, і жонка — апошняя з іх. «Спіс інтэрнацыянальны», «сцежкі» вялі ў Грозны, у Тбілісі, у Кіеў, у Маскву. Дзяніс працаваў у літаратурным архіве, вывучаў ліставанне і ў будучыні хацеў бы напісаць біяграфію пісьменніка.
Прафесар Аляксей Пяткевіч станоўча ацаніў кніжку мінчука, назваўшы «вельмі саліднай працай», параіў яе іншым. «Там мноства крыніц: успаміны, лісты, сказаў Пяткевіч. — Там няма галаслоўнасці, там усё абгрунтавана. Там, напрыклад, ёсць дзве версіі знаёмства Караткевіча з ягонай жонкай Валянцінай. А я ведаю яшчэ адну версію, яна, здаецца, ёсць у зборніку ўспамінаў пра Уладзіміра Калесніка. Як Калеснік запрасіў у Берасцейскі педінстытут Караткевіча на сустрэчу са студэнтамі».
Пісьменнік прыехаў. Аляксей Пяткевіч узгадвае: «Караткевіч гаворыць — позіркі скіраваныя на яго, Караткевіча нельга было не слухаць. Ён як магнітам прыцягваў да сябе. Але ён бачыць, што адна асоба, крышку схаваўшыся за спінамі, сядзіць і чытае, не слухае. Яго гэта страшэнна ўразіла. І пасля заканчэння ён падышоў да гэтай жанчыны і спытаўся: а што вы чытаеце? А яна кажа: «Дзікае паляванне караля Стаха». Яе не зацікавіў Караткевіч, а «Дзікае паляванне» зацікавіла. Так пачалося іхняе знаёмства, з будучай жонкай. І ён склаў потым такія радкі: «Наш Калеснік добры быў, мне козачку падарыў, а козачка белая, па кватэры бегае».
Прафесар Аляксей Пяткевіч
Ці была наступная кніга раману „Каласы пад сярпом тваім?“ — задаецца пытаннем прафесар Пяткевіч і сам адказвае на яго: бясспрэчна была. Пра гэта, напрыклад, піша і Мальдзіс у сваёй кнізе пра Караткевіча, праўда, асцярожна вельмі піша, як гэты тэкст знік. "Мальдзіс найлепш ведаў Караткевіча, гэта быў самы блізкі сябра. Ён ведаў кухню: што робіць гэты пісьменнік, калі і што ён піша. Усё Мальдзіс ведаў, невыпадкова такую кніжку цікавую напісаў („Жыццё і ўзнясенне Ўладзіміра Караткевіча“). Паводле Мальдзіса, і я аб гэтым ведаў і не раз чуў ад іншых людзей, кватэру Караткевіча не проста абрабавалі. Ніхто не рабаваў. Проста выкралі рукапіс другой кнігі раману. Гэта бомба была б. Разумееце: першая кніга — гэта пярэдадзень паўстання, а другая — гэта само паўстанне. Гэта самае асноўнае, што там было сказана. Гэта вызваленчая вайна супраць Расіі. А каму гэта было цікава? І адпаведныя службы, пра якія не прынята распаўсюджвацца асабліва, сваю справу зрабілі: чысценька, акуратна. І з гэтай прычыны і Караткевіч не рабіў вялікага розгаласу. Ён, канечне, вельмі перажываў».
Аляксей Пяткевіч падсумоўвае: «Ёсць, напрыклад, ягоная прадмова да рускага выдання раману, дзе ён піша: мне вельмі цяжка пачынаць пісаць другую кнігу, таму што я іх усіх мёртвымі буду бачыць, усе мае любімыя героі загінуць, прычым такой смерцю. Я іх люблю!» Канечне, «Каласы» ён дапісаў, кажа прафесар Пяткевіч.