Канцэрт гурту "Ляпіс Трубяцкі" ў Пскове адменены "па тэлефанаванні"
Запланаваны на 14 сакавіка канцэрт гурту "Ляпіс Трубяцкі" ў Пскове адменены "па тэлефанаванні, нягледзячы на практычна поўнасцю прададзеную залу", паведаміў у сацыяльных сетках прэс-аташэ гурту ў Беларусі Дзмітрый Безкаравайны.
"Беларусам усё гэта вельмі добра знаёма. А расіяне да нядаўняга не верылі, што ў іх такое можа быць", — адзначыў ён.
5 сакавіка пскоўскае аддзяленне Кампартыі Расіі заклікала "абвясціць байкот падхалімам фашыстаў" — гурту "Ляпіс Трубяцкі" — і "адмяніць
канцэрт".
"Яго лідар — грамадзянін Рэспублікі Беларусь Сяргей Міхалок. Гурт вязе свой новы музычны альбом "Матрошка", у якім у самым непрывабным выглядзе паказана Расія з яе
рускай мовай, лідары Савецкага Саюза. Сяргей Міхалок вызначыўся нядаўна выступленнямі на еўрамайдане, дзе падтрымаў дзяржаўны пераварот на Украіне", — гаварылася ў заяве
камуністаў.
Пакуль невядома, ці адбудуцца іншыя канцэрты ў межах расійскага тура: 15 сакавіка ў Смаленску, 19-га — у Екацярынбургу, 20-га — у Цюмені.
На канец сакавіка — пачатак красавіка запланаваны гастролі "Ляпіса" ва Украіне (Палтава, Харкаў, Луганск, Данецк, Днепрапятроўск, Адэса, Хмяльніцкі, Львоў).
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН