Кардынал, які сядзеў на «Валадарцы». Успаміны Казіміра Свёнтка
У Польшчы выйшла кніга ўспамінаў першага каталіцкага кардынала Беларусі Казіміра Свёнтка. Ладная частка тэксту прысвечана рэпрэсіям, праз якія давялося прайсці іерарху за гады свайго жыцця.
Першы і адзіны ў гісторыі сучаснай Беларусі кардынал, які 10 гадоў правёў у зняволенні, апісаў падзеі свайго жыцця і свайго служэння ў савецкі перыяд.
Кніга «Мелодыі драўлянай лыжкі. Мае ўспаміны» («Melodie drewnianej łyżki») аўтарства беларускага кардынала Казіміра Свёнтка выйшла ў Польшчы. Іерарх апісвае падзеі свайго жыцця і свайго служэння ў практычна ўвесь савецкі перыяд — з 1918 па 1988 гады, піша katolik.life.
У прадмове гаворыцца пра тое, што пасля смерці кардынала ў 2011 годзе ў Пінску ў яго рэчах была знойдзена тэчка з машынапіснымі старонкамі, на якой было пазначана, што яе неабходна аддаць у рукі тагачаснага канцлера Курыі Пінскай дыяцэзіі Рыма-каталіцкай царквы ксяндза Станіслава Паўліны. Той для падрыхтоўкі кнігі да друку перадаў тэчку каталіцкаму выдавецтву «Pro Christo» ў Мінску. А адтуль матэрыялы паступілі для рэдактарскай работы прафесару Эльжбеце Смульковай — былой кіраўніцы аддзела беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта, экс-амбасадарцы Польшчы ў Беларусі.
У выніку кніга выйшла ў польскім выдавецтве «Apostolicum» і даступная да куплі анлайн. Кніга — на польскай мове, на якой і пісаў свае ўспаміны аўтар: ён быў выхадцам з польскай сям'і, выхаваны ў патрыятычным польскім духу.
Пра планы перакласці кнігу на беларускую мову і выдаць яе ў Беларусі пакуль не паведамляецца. Таму для вернікаў у Беларусі пакуль ёсць толькі такі варыянт: набыць кнігу праз інтэрнет (кошт — 45 злотых, або каля 35 беларускіх рублёў) з указаннем для высылкі адраса ў Польшчы і папрасіць сваіх знаёмых альбо парафіяльнага святара пераслаць ці прывезці кнігу ў Беларусь.
Успаміны кардынала разбітыя на часткі па перыядах. Значны аб'ём тэксту прысвечаны часу, праведзенаму пад арыштам і ў нечалавечых умовах сталінскіх лагераў.
«Калі я сядзеў на Валадарцы...» — з такіх словаў пачынаецца адзін з эпізодаў успамінаў святара. Так і цяпер называюць турму ў Мінску, праз якую, на жаль, і ў наш час праходзяць многія вернікі.
А назву кнізе даў іншы эпізод з успамінаў кардынала Свёнтка пра яго арышт — на гэты раз у «амерыканцы», таксама добра вядомай у цяперашні час:
«Аднойчы нам прынеслі даволі гарачыя крупы ў металічных місках. Калі я паклаў у гэтую кашу драўляную лыжку, неўзабаве пачулася ціхае, але цалкам выразнае для вуха нейкае шыпенне, якое стварыла быццам бы поўныя шкадавання, смутку і меланхоліі мелодыі. Мы ўдваіх з цікавасцю слухалі гэтыя арыгінальныя гукі. І тут у маёй галаве раптам узнікла думка, якой я падзяліўся з прафесарам: "Вось гатовая назва для нашых успамінаў — мелодыі драўлянай лыжкі". Верны незабыўнаму адчуванню гэтых, я б сказаў, пяшчотных, сумных і тужлівых гукаў драўлянай лыжкі ў місцы з кашай у савецкай "амерыканцы" ў Мінску, калі я праз шмат-шмат гадоў прыступіў да ўвекавечання сваіх успамінаў, я не мог назваць іх інакш, як проста: "Мелодыі драўлянай лыжкі".
Я выкарыстаў гэтую назву для ўсіх фрагментарных успамінаў за ўсё маё жыццё. Лічу, што не толькі мае турэмныя і лагерныя перажыванні, але і ўсе іншыя перажыванні ад дзіцячых гадоў да нашых дзён насілі і нясуць абертоны мелодыі не вытанчанай, залатой, срэбнай ці хаця б металічнай, а менавіта простай драўлянай лыжкі».
Нагадаем, Казімір Свёнтак — першы каталіцкі кардынал у гісторыі незалежнай Беларусі. Сваю пасаду ён займаў з 1994-га па 2011 гады, да самай смерці. Казімір Свёнтак нарадзіўся ў горадзе Валк на мяжы сучасных Латвіі і Эстоніі. Падчас Першай сусветнай вайны сям’я Свёнткаў была ў эвакуацыі, а пасля апынулася на тэрыторыі Заходняй Беларусі ў Баранавічах, дзе будучы святар скончыў гімназію імя Тадэвуша Рэйтана. У 1933 годзе ён паступіў у Пінскую вышэйшую духоўную семінарыю, а праз 6 гадоў быў пасвечаны ў святары i распачаў сваю дзейнасць у Пружанах.
У красавіку 1941 года Свёнтак быў арыштаваны савецкімі ўладамі па абвінавачанні ў «шпіянажы» i два месяцы ўтрымліваўся ў турме ў Брэсце. Падчас нямецкай акупацыі выйшаў з турмы і вярнуўся ў Пружаны, а ў снежні 1944 года яго зноў арыштавалі савецкія ўлады i асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі. Зняволенне Казімір Свёнтэк адбываў у лагерах Сібіры і Комі АССР.
Каталіцкі кардынал памёр 21 ліпеня 2011. Пахаваны ў крыпце кафедральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Пінску.