Кніга Марэка Эдэльмана «І было каханне ў гета...» ўжо ў Мінску

У рамках Месяца польскай літаратуры, арганізаванага пасольствам Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь сумесна з Польскім інстытутам і выдавецтвам “Логвінаў» 30 кастрычніка 2013 г. у 19.00 у галерэі «Ў» (пр. Незалежнасці, 37 A) адбудзецца прэзентацыя беларускамоўнай версіі кнігі «І было каханне ў гета...» Марэка Эдэльмана — польскага палітычнага і грамадскага дзеяча габрэйскага паходжання, кардыёлага, аднаго з кіраўнікоў паўстання ў Варшаўскім гета.



index5.jpg

Марэк Эдэльман з’яўляецца аўтарам многіх твораў, якія апісваюць трагедыю паўстання ў Варшаўскім гета; у 2009 годзе выйшла апошняя кніга «І было каханне ў гета...» — вельмі асабістыя ўспаміны аўтара, сведчанне драматычных падзей, жыцця ў гета, сведчанне складанага перыяду, поўнага смерці, пакут і болю. Разам з тым гэта сведчанне сапраўднага пачуцця, кахання і сяброўства.

Беларускамоўная версія кнігі — вынік першага этапу работы Лабараторыі літаратурнага перакладу, праекта, рэалізаванага пасольствам Польшчы на Беларусі сумесна з адукацыйным цэнтрам «Studia Movia». Перакладалі кнігу двое пераможцаў конкурсу Лабараторыі, а рэдактарам стала Інэса Кур'ян.

Сустрэчу будзе весці Андрэй Хадановіч – старшыня беларускага ПЭН-клуба,  разам з перакладчыкамі ўдзел у прэзентацыі возьмуць Марта Янчэўска з Габрэйскага гістарычнага інстытута (г. Варшава), Аляксандр Астравух – беларускі знаўца габрэйскай тэматыкі, ансамбль клезмерскай музыкі.

Уваход вольны. Запрашаем усіх жадаючых.

Прэс-служба Пасольства Рэспублікі Польшча