На адным канцэрце АМАП, другі па плане
Канцэрт «Minsk edge day 2017» у мінскай прасторы «210 METROV» быў сарваны АМАП. Тым часам у іншым мінскім клубе, «Бруге», панавала поўная вольніца.
Гурт АДАРВІРОГ праверыў публіку на веданне паролю паўстанцаў 1863 г., OMUT прысвяціў песню загінуўшым у беларускім войску, гурт ДРЫГВА віталі воклічам «Жыве Беларусь!», а FORODWAITH без эксцэсаў прэзентаваў новы альбом.
Калі прааналізаваць назвы гуртоў, то вымалёўваецца канцэпцыя «міфалогіі багнаў»: адпаведныя найменні маюць OMUT і ДРЫГВА (апошні да таго ж выпусціў альбом “Дзесяць шляхоў праз дрыгву” з песняй ”Дрыгва” ў ім). FORODWAITH названы па мясцовасці ў прыдуманым Толкіенам Міжзем’і, а АДАРВІРОГ выконвае аж дзве песні на сюжэт «адарві чорту рог». Мабыць, архетып балота і дзівосаў, што могуць там (ці недзе яшчэ) адбывацца, трывала ўвайшоў у культурны код беларусаў.
Гурт ДРЫГВА
Цікава прасачыць, як размяркоўваюцца «гендэрныя зоны» падчас канцэрту. Пад самай сцэнай на працягу амаль усіх выступаў пераважалі самотныя дзяўчаты (праўда, была і пара). За імі – шэрагі самотных хлопцаў, што час ад часу слэміліся. У натоўп са сцэны скачуць толькі хлопцы. Пары, што прыйшлі на канцэрт разам, стаяць у задніх шэрагах ці займаюць столікі. Самотныя наведвальнікі абодвух полаў, што не трапілі пад сцэну, туляцца па перыметры памяшкання. Здаецца, гэтыя заканамернасці актуальныя і для іншых канцэртаў. Хіба актыўныя фанаты пад самай сцэнай могуць быць абодвух полаў.
«Бруге» 14 кастрычніка ўвасабляў рэдкі выпадак, калі клуб даволі поўны ўжо на першым гурце. АДАРВІРОГ спявалі пра Касцюшку і Каліноўскага, выканалі кавер на KOЯN, кантактавалі з публікай:
– Каго любіш?
Замінка. Няўпэўненыя выгукі «Люблю Беларусь!»
Два вакалісты супольна і з палёгкай:
– То узаемна!
Гурт АДАРВІРОГ
Гурт ДРЫГВА прыхільнікі віталі воклічамі «Жыве Беларусь!» і «Магілёў!» Хоць іх саўнд месцамі і нагадвае расійскія раднаверскія гурты, а вакаліст выступае ў стылізаванай касаваротцы, спявае ён па-беларуску. Хлопцы выклаліся па поўнай, апраўдалі чаканні публікі пасля доўгага перапынку. У 2014-м гурт паведаміў на сваіх суполках у сацсетках аб бестэрміновым спыненні канцэртнай і студыйнай дзейнасці і “выйшаў з падполля” толькі сёлета, дарэчы, у юбілейны для сябе год: ДРЫГВА ўтварылася ў 2007-м.
Вакаліст OMUT перад песняй «Ой ляцелi шэры гусі» распавёў:
«Звычайна мы прысвячаем яе тым, хто служыць і будзе служыць. А сёння… Усе ж навіны чытаюць. Сёння прысвецім хлопцам, што што з войска не вярнуліся».
Гурт OMUT
Атрымалася вельмі ў тэму: твор сканчваецца тым, што «па роднаму сыночку матка з бацькам плачуць, над ваярам на чужыне чорны воран крача». Гэта народная рэкруцкая песня. Провады ў войска ў традыцыйнай карціне свету ўспрымаліся як провады на Той свет і суправаджаліся рытуальнымі дзеяннямі, што складаліся ў абрад пераходу, нароўні з радзінамі, вяселлямі, пахаваннямі, ініцыяльнымі абрадамі дасягнення паўнагоддзя. У традыцыйнай культуры беларусаў абрады провадаў у войска, як мы іх ведаем па этнаграфічных крыніцах – з’ява адносна позняя, што распаўсюдзілася за часам Расійскай імперыі з уводам рэкруцкага набору для сялян. У Вялікім княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай воінскую павіннасць несла шляхта, пра даўнейшыя рытуалы провадаў у войска мала што вядома.
Вакаліст FORODWAITH Андрусь Шаура ўпершыню выступаў у такой якасці, да таго ён быў басістам гурта. Мабыць, таму хэдлайнеры актыўней за ўсе іншыя гурты кантактавалі з публікай, радуючы яе філасофскімі сентэнцыямі кшталту «Кожны з нас прыходзіць адзін і сыходзіць адзін»… У фае актыўна прапаноўвалі набыць новы альбом гурта. Судзячы па колькасці выкладзеных асобнікаў, FORODWAITH разлічваў на тое, што калекцыянеры дыскаў яшчэ жывыя і не ператварыліся масава ў аматараў пампаваць музыку з інтэрнэту.
Гурт FORODWAITH
Канцэртам у «Бруге» FORODWAITH распачаў тур па Беларусі і Украіне, які завершыцца 26 лістапада выступам у Магілёве. Музыкаў чакаюць таксама ў Адэсе, Мікалаеве, Крывым Рогу, Кіеве, Брэсце і родным Віцебску.
Фота Павел Аксіновіч