Страляніна ў Мінску блізу метро «Міхалова». Міліцыя: гэта манеўры

Пра страляніну ў Менску, што адбылася 16 кастрычніка на праспекце Дзяржынскага, расказаў Оnliner менчук Макар, які працуе ў офісе побач са станцыяй метро «Міхалова».

Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

«Каля 17.30 пачуў гукі, падобныя на стрэлы. Праз 10 хвілін пайшлі чэргі і нешта бахнула. Гэта адбывалася за двухпавярховым домам, потым адтуль выехаў джып, два мінівэны і машына хуткай дапамогі», — распавёў Макар.

Прэсавы сакратар мінскай гарадзкой міліцыі Аляксандр Ластоўскі паведаміў выданню, што гэта праводзілі манеўры супрацоўнікі органаў унутраных спраў, але не ўдакладніў, якія менавіта.

Ці мусілі міліцыянты папярэджваць жыхароў прылеглых дамоў і работнікаў, што ў пэўны час там будуць праводзіцца вучэнні з імітацыяй ўжывання зброі? На гэта пытанне карэспандэнта “Радыё Свабода” Аляксандр Ластоўскі адказаў, што не валодае такой інфармацыяй.

www.svaboda.org