Пасольства ЗША прадставіла на кніжнай выставе-кірмашы ў Мінску калекцыю "Кнігі, якія вызначылі Амерыку"
Пасольства ЗША прадставіла на сваім стэндзе на міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы, што адкрылася ў Мінску 6 лютага, калекцыю "Кнігі, якія вызначылі Амерыку".
Экспазіцыя, у якую ўключана 88 кніг знакавых для Паўночнай Амерыкі літаратараў, складзена спецыялістамі бібліятэкі Кангрэса ЗША. Яе прадставіў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Ітан Голдрыч. У спісе аўтараў — Марк Твен, Джэк Лондан, Джэром Сэлінджэр, Фрэнсіс Скот Фіцджэральд, Эрнест Хэмінгуэй, Труман Капотэ, Уільям Фолкнер, Рэй Брэдберы і іншыя сусветна вядомыя пісьменнікі.
"15 гадоў пасольства ЗША ўдзельнічае ў правядзенні кніжнай выставы, расказваючы рознымі спосабамі гісторыю Амерыкі, — адзначыў Голдрыч. — Сёлета наш стэнд праходзіць пад
дэвізам "Кнігі, якія вызначылі Амерыку". У гэтым ганаровым спісе кнігі, якія расказваюць пра розныя старонкі гісторыі і культуры Злучаных Штатаў. У гэтым спісе — кнігі ад
"Хаціны дзядзькі Тома" (Гарыет Бічэр-Стоу), якая падштурхнула антырабаўладальніцкія настроі ў ЗША яшчэ да пачатку Грамадзянскай вайны, да "Ката ў
капелюшы" (Доктар С'юз), у ёй усяго 220 слоў, але яны падахвочваюць дзяцей да чытання".
Кажучы пра важнасць амерыканскай літаратуры, ён падкрэсліў, што "гістарычная і літаратурная спадчына ЗША можа дапамагчы іншым краінам знайсці адказы на многія пытанні".
"Беларусь — маладая краіна са шматлікімі пытаннямі, на якія трэба шукаць адказы. Таму беларусам, можа, будзе цікава чытаць пра стварэнне ЗША. Адной з такіх работ могуць стаць
"Федэральныя паперы" — кніга пра тое, што прывяло да стварэння Канстытуцыі ЗША", — заявіў Голдрыч.
Часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі паведаміў, што заўсёды стараецца знайсці час для чытання. "Нядаўна скончыў чытаць "Майстра і Маргарыту" Міхаіла Булгакава на
англійскай мове, цяпер чытаю "Зіму над светам" Пола Андэрсена", — сказаў ён.
Голдрыч прызнаўся, што пакуль у яго не было часу азнаёміцца з творамі беларускіх пісьменнікаў, але пры дапамозе свайго выкладчыка па беларускай мове ён прачытаў верш "Зорка
Венера" Максіма Багдановіча. Амерыканскі дыпламат расказаў, што пачаў браць урокі беларускай мовы пасля сустрэчы з беларускімі выкладчыкамі англійскай мовы. "Мяне запыталі,
што я магу сказаць па-беларуску, аказалася — два-тры сказы. З таго часу я папрасіў выкладчыка беларускай мовы папрацаваць са мной. Спадзяюся, што на наступнай нашай сустрэчы хоць крыху буду
размаўляць па-беларуску", — сказаў Голдрыч.
У праграме стэнда пасольства ЗША на працягу выставачных дзён запланаваны розныя мерапрыемствы, у ліку якіх сустрэчы са спецыялістамі па амерыканскай літаратуры, конкурсы на веданне твораў
амерыканскіх пісьменнікаў.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН