Рух музычны у межах фестывалю «Адраджэнне беларускай капэлы»

«Рух музычны» — імпрэза пад такой назвай адбылася вечарам 16 верасня ў Мінску, у Малой зале імя Рыгора Шырмы Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў межах XXIII фестывалю «Адраджэнне беларускай капэлы».



ruch_muzycny_3_logo.jpg

Ансамбль «Класік-авангард»

Імпрэза ладзілася пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (ЦНБ НАН Беларусі), і Беларускага саюза мастакоў.

У вечарыне, прысвечанай музычнай творчасці выхадцаў з абшараў Рэчы Пасталітай ў Санкт-Пецярбургу ў канцы XVIII–XIX стагоддзях, прынялі ўдзел лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Беларусі для дзеячаў культуры і мастацтва ансамбль салістаў «Класік-Авангарад» (мастацкі кіраўнік — заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Уладзімір Байдаў), салісты Ірына Лой (сапрана), Віктар Гайдукоў (барытон), Алена Мальцава (скрыпка), Святлана Кудзіна (фартэпіяна), Арцём Магілёўцаў (валторна) і Вольга Сяргеева (габой).

У канцэрце прагучалі творы шэрагу кампазітараў — ураджэнцаў Рэчы Паспалітай, у тым ліку Пётры Станкевіча, Віктара Кажынскага, братоў Концкіх (Апалінары, Караля і Антона), Антона Абрамовіча, Цэзара Кюі, братоў Веняўскіх (Генрыка і Юзафа), Міхала Клеафаса Агінскага, Станіслава Манюшкі, Антона Генрыка Радзівіла, Язэпа Казлоўскага і Канстанціна Горскага.

Вядучы імпрэзы, вядомы беларускі спявак, педагог і дзеяч нацыянальнага адраджэння, мастацкі кіраўнік «Беларускай капэлы», заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Віктар Скорабагатаў пазнаёміў прысутных з жыццём і творчасцю гэтых выбітных асоб і выканаўцаў іх твораў.

Так, паводле слоў вядучага канцэрту, лаўрэат нацыянальнага конкурсу, студэнт II курсу Беларускай акадэміі музыкі Віктар Гайдукоў для свайго дэбюту выбраў цудоўны, музычна адметны раманс Антона Абрамовіча «Гарэліца» на словы свайго найбліжэйшага сябры, зямляка з  Віцебшчыны і патрыёта роднага краю Яна Баршчэўскага.   

ruh_muzichni_2_logo.jpg

Альманах Яна Баршчэўскага «Niezabudka» («Незабудка», 1840, Санкт-Пецярбург)

Скорабагатаў адзначыў, што Цэзар Кюі, «Мелодыю» якога выканаў ансамбль «Класік-Авангард», нарадзіўся ў Вільні, разам з Мадэстам Мусаргскім і Мікалаем Рымскім-Корсакавым заснаваў «Магутную кучку», а таксама быў абраны старшынёю пецярбургскага аддзялення Рускага музычнага таварыства.

Перад выкананнем фантазіі Уладзіміра Байдава на тэмы оперы Міхала Клеафаса Агінскага «Зэліс і Валькур, або Банапарт у Каіры» Віктар Скорабагатаў нагадаў, што ў наступным годзе будзе адзначацца 250-годдзе з дня нараджэння вялікага кампазітара, які «ўпершыню вывеў на сцэну жывога чалавека — Напалеона I», што да Агінскага ніхто не рабіў». Паводле словаў вядучага імпрэзы, зараз ў Смаргоні (Гродзенская вобласць) адраджаецца палац кампазітара, а ў ягоным захаваўшымся палацы ў Пецярбургу месціцца гарадское аддзяленне Саюза кампазітараў Расіі.  

ruh_muzichni_1_logo.jpg

Навуковы супрацоўнік аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі Алена Дзенісенка знаёміць удзельнікаў імпрэзы з выставай «Беларусы ў Пецярбургу»

Да вечарыны супрацоўнікі аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі падрыхтавалі выставу кніг «Беларусы ў Пецярбургу», на якой прадстаўлены творы нашых землякоў, што жылі і працавалі ў сталіцы Расійскай імперыі ў XIX — пачатку XX стагоддзя. Сярод экспануемых — штогодні альманах беларускага і польскага пісьменніка, выдаўца, аднаго з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры Яна Баршчэўскі «Niezabudka», кнігі першай легальнай выдавецкай беларускай суполкі «Загляне сонца і ў наша ваконца» ( у тым ліку Францішка Багушэвіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Адама Міцкевіча, Якуба Коласа і Янкі Купалы), а таксама творы шэрагу навукоўцаў, у тым ліку Яўхіма Карскага, Івана Насовіча, Александра Сержпутоўскага, Паўла Шэйна і Браніслава Эпімаха-Шыпілы.   

Фота Марата Гаравога