Сем літаратурных кавалёў і сем рэальных кавальскіх вырабаў
Калі падарожнічаеш па Беларусі, грэюць сэрца рэчы, якімі продкі ўпрыгожвалі сваё жыццё. Дзесьці захавалася жырандоля, дзесь — дзівосны каваны крыж, ці незвычайная агароджа, якая нагадвае карункі... Вырабы кавалёў, уладароў агню і жалеза, піша Людміла Рублеўская ў «Звяздзе».
На Восеньскія Кузьмінкі, або свята Кузьмы і Дзям'яна, якое прыпадае на 14 лістапада, на Беларусі святкуюць Дзень кавалёў. Продкі лічылі, што ў гэты час божыя кавалі Кузьма і Дзям'ян куюць ледзяны ланцуг для зямлі, а яшчэ могуць скаваць для закаханых вяселле.
Кавалёў заўсёды шанавалі... Іх рамяство звязанае з мноствам казак, легендаў ды паданняў — і кавалі ў іх звычайна перамагаюць злую сілу. Шмат гісторый пра кавалёў прыдумалі і беларускія пісьменнікі... Давайце ўспомнім некаторыя.
«Як грыбы, выварочваў ён дубы»
Алесь Якімовіч напісаў сваю вершаваную казку «Каваль Вярнідуб» у 1930-м — у ёй пазнаюцца і біблейскія паданні, і народныя казкі... Вырашыў найлюты цар, калі ў краіне пачаўся голад, пазабіваць усіх немаўлят. Адна Параска з малым сынам схавалася ў лесе. Хлопец вырас надзіва гожым і дужым — «Цераз месяц, як грыбы, выварочваў ён дубы». Калі Параска вярнулася ў родную вёску, Вярнідуб зрабіўся кавалём.
«І магутны той каваль
Як ніхто другі каваў.
Калі зробіць далато —
Не паломіш нізашто.
А як выкуе тапор
Ці нарог альбо сахор —
Не нацешацца дзядзькі:
Вось каваль у нас які!»
Вось толькі люты цар, даведаўшыся, што яго загад парушаны, угневаўся... Цяпер Вярнідубу трэба супрацьстаяць цэламу войску, што адпраўлена яго забіць. Скаваў Вярнідуб сабе булаву «сарака пудоў вагою, з ручкай гладкаю, прамою», і адправіўся на бітву... Па дарозе перажыўшы шмат казачных прыгод. Салаўя-разбойніка перамог, вызваліў няшчаснага, якога пан пасадзіў у мурашнік, пабіў ваўкоў... Ну і цара лютага з усімі баярамі. Толькі не булавой — а мятлой чароўнаю іх вымеў.
«Здаваўся мне чарадзеем»
Дзед Змітрака Бядулі быў кавалём і меднікам. Бядуля ў аўтабіяграфічнай аповесці «У дрымучых лясах» успамінае: «Больш за ўсё я любіў дзедаву кузню. Дзед, сінявокі, з доўгай рыжай барадой, у чорнай аксамітнай ярмолцы ды ў акулярах, прымацаваных ніткамі замест аглабелек, здаваўся мне чарадзеем. На яго горне пад попелам у вуголлях жыў вечны агонь. Даволі было толькі пару разоў памахаць кіем кавальскіх мяхоў, каб з-пад попелу вырывалася некалькі сінява-залатых агнёвых саламандраў. На палічках ляжала шмат разнастайных інструментаў: малаткі рознай велічыні і формы, друшлякі, свярдзёлкі, розных выглядаў абцугі, лудзільнікі, долаты, рашпілі, напільнікі, цыркулі, ножніцы, лінейкі, трыкутнікі...»
Будучы пісьменнік любіў свайго мудрага дзеда... Нездарма ў аповесці «Сярэбраная табакерка» адзін з галоўных герояў — каваль Ксаверы, якога скамяніў злыдзень-пан.
«І шаўковы вус кране»
Верш Канстанцыі Буйло «Каваль» быў напісаны ў 1953 годзе і вельмі нагадвае савецкія фільмы таго часу. Фядос Баканаў вярнуўся з фронту ў родны калгас над Сожам. На фронце быў танкістам, пасля цяжкіх раненняў стаў рамантаваць танкі. Калгасу спатрэбіўся каваль, вось Фядос і заняўся пачэснай працай.
«А ў сяле дзяўчаты ходзяць,
Паглядаючы здаля
Сарамліва пры народзе
На Фядоса-каваля.
Больш за ўсіх глядзіць Марына,
Што працуе у садах,
Чарнавокая дзяўчына,
Галасістая, як птах.
А каваль ледзь гляне часам
І шаўковы вус кране,
Загаворыць нізкім басам,
Як калісьці на вайне:
— Хто умее працаваць,
Таго любяць паважаць».
Навёў Фядос парадак у сваёй хаце і замаркоціўся... Жаніцца пара! І маці выпраўляе ў клуб на танцы... У фінале шчаслівы Фядос танцуе з чарнавокай Марынай, і іх чакае светлая будучыня.
«Недарма навостран меч»
Для паэта Уладзіміра Жылкі 1926-ы год быў вызначальным... Ён прыехаў з Прагі ў Мінск на Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу — і так і застаўся ў БССР. У 1926-м ён яшчэ гарыць надзеяй і прагай дзейнасці, кавальская справа ж для яго — сімвал змагання за вызваленне Заходняй Беларусі і метафара паэзіі.
«Горан мехам раздзьмухаю,
Палажу на горан сталь.
Што рабіць, я знаю, знаю —
Недарма куе каваль!
Падзялілі чужаніцы,
У няволі старана.
Не скую у плуг паліцы —
Не прыдасца мне яна.
Закаваны люд мой, волат,
Крыўд нязлічаных цяжар.
Вышай, вышай верны молат,
Нестрыманы ў сэрцы жар...
Хлопцы, хлопцы, — на змаганне!
Гэй, крыўдзіцель, вораг, — прэч!
Нездарма каваў я зрання,
Недарма навостран меч».
Каваль з ястрабінымі вачыма
У рамане Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» ў галоўнага героя, Юрася Братчыка, ёсць мужны і верны паплечнік. Вось якім мы ўпершыню яго бачым:
«...напярэймы возу ідзе знаёмы каваль, Кірык Вястун, боўдзіла... Твар адмыў, а рукі — чорт ты іх нават за тыдзень адмыеш. Смяецца, зубы прадае. Жоўты ў пшанічны колас, як агонь у ягонай кузні. Вочы ястрабіныя. Скураны фартух цераз плячо, у адной руцэ молат».
Магутны Кірык Вястун ачольвае народнае паўстанне ў Гародні. Ён выдатны стратэг і вайскаводца. Паплечнік так прадстаўляе яго Юрасю Братчыку:
«— Каб адразу зразумеў, з кім гаворыш, — сказаў Кляонік, — ведай: вось гэты каваль горад узняў, калі вас у катавальню пацягнулі».
Менавіта каваль узначаліў атрад, што адбівае Юрася, якога сабраліся караць смерцю. А потым разам з Юрасём, яго каханай Анэляй і аднадумцамі зладжвае ў пушчы вольнае паселішча.
Серп і пярсцёнак у дадатак
Верш Петруся Броўкі пра каваля прысвечаны каханню.
«У добрым калгасе бліз Нёмна сівога
Я знаў аднаго каваля маладога.
На волас чарнявы,
Высокі, рахманы,
Ды толькі не з гэтага
Меў ён пашану.
Не зоркім паглядам, не постаццю гнуткай
Праславіўся хлопец, —
Праславілі рукі!
Мне нават сказалі ў калгасе аднойчы:
— Ён выкуе месяц, як толькі захоча,
Павесіць паўноччу на белай бярозе,
Каторы сапраўдны — ніяк не адрозніш!»
Майстар «адно толькі знае — усё звоніць і звоніць... Гадалі — ніхто ўжо яго не палоніць?» Але малая, бялявая Зося прынесла кавалю навастрыць серп, і «Як глянуў каваль ёй у вочы-азёры, — увесь разгубіўся ды ў іх утапіўся». Разам з сярпом каваль паабяцаў дзяўчыне скаваць чароўны пярсцёнак:
«Прыложыш да вока —
Пабачыш далёка,
Калі ж загадаеш,
Каханка пазнаеш!»
Ну і скаваў... Як ні паглядзіць Зося на пярсцёнак — бачыць аблічча каваля!
Рыбкі золатакаваля Белавалода
Дзеянне рамана Леаніда Дайнекі «След ваўкалака» адбываецца ў часы Усяслава Чарадзея. Адзін з герояў — Белавалод, вучань у ювелірнай кавальні менскага залатара Дзяніса. «Было яму васямнаццаць сонцаваротаў, і быў ён лёгкі, спрытны, дужы, адважны». Вучыў яго майстар «пісаць вадкім золатам па медзі, вучыў з меднага, залатога і срэбнага дроту рабіць пярсцёнкі і колты. У коўніцы пахла воскам, з якога рабілі формачкі для адліўкі матрыц, пахла дымам і драўняным вугалем і заўсёды дробненька грукацелі малаточкі і зубільцы... Рука ў Белавалода была моцнаю, але лёгкаю, метал слухаўся яе».
Каб з'яднацца з каханай Ульяніцай, давялося золатакавалю Белавалоду ўцякаць з дому. Сустракаўся і з князем Усяславам, вызваляў яго з порубу, быў у ягонай дружыне. А для любай Ульяніцы — упрыгажэнне: «Тры бляхі ў выглядзе вясёлых рыбак былі скручаны з танюсенькага срэбнага дроту і напаяны на залатую аснову. Вочы рыбак, луску, плаўнікі ювелір зрабіў з найдрабнейшых залатых зярнятак. Рыбкі злучаліся паміж сабой абручыкам з чырвонай медзі».
* * *
А цяпер вашай увазе — некаторыя з тых рэальных кавальскіх вырабаў, што трапіліся падчас вандровак і запомніліся — ці майстэрствам каваля, ці адметнай гісторыяй, ці проста выклікалі яркія пачуцці.
1. Жырандоля з Крошынскага касцёла
Зразумела, пачнём са знакамітай жырандолі з жаўранкамі, выкаванай Паўлюком Багрымам. Хто толькі не пісаў пра сялянскага хлопчыка, сасланага ў жаўнеры за тое, што складаў на беларускай мове вершы, праз шмат гадоў вярнуўся на радзіму і стаў кавалём. Яго гісторыю распавёў Ігнат Яцкоўскі ў творы «Аповесць з майго часу, або Літоўскія прыгоды». Там і працытаваў адзіны вядомы верш Паўлюка Багрыма «Зайграй, зайграй, хлопча малы». Сёння даследчыкі лічаць, што верш склаў сам Яцкоўскі... Як для мяне — дык добры верш не павінен нічога страчваць з-за змены аўтарства... А жырандоля з чыгуну і бронзы, сапраўды выкаваная Паўлюком Багрымам, вісіць сёння ў Крошынскім касцёле.
2. Птушыная клетка ў Мірскім замку
У Мірскім замку ў адной з ніш у магутным муры прыцягнула маю ўвагу каваная клетка, у якой сядзіць белая парцалянавая галубка з залатымі сэрцайкамі... Гэтая работа мастака Паўла Пракапцова нагадвае пра легенду Мірскага замка... Тры сыны Юрыя Ільініча біліся за спадчыну. Сярэдні сын, Станіслаў, які чатыры гады валодаў бацькоўскім замкам, быў атручаны проста за бяседным сталом. Старэйшы брат Іван і малодшы, Шчасны, знайшлі вінаватага: жонку сотніка па прозвішчы Навіцкая. Няшчасную абвінавацілі ў вядзьмарстве. Некаторыя кажуць, што Навіцкая была закаханая ў князя Станіслава, які стаў яе палюбоўнікам... Жанчыну спалілі на вогнішчы, і яе дух прылятае ў замак у выглядзе вось такой галубкі.
3. Брама касцёла св. Мікалая ў Геранёнах
У Геранёнах, у касцёле Святога Мікалая, калісь узведзеным Альбрэхтам Гаштольдам, дзе вянчаліся Барбара Радзівіл і кароль Жыгімонт Аўгуст, мяне ўразіла дэталь: на каваных варотах — мальтыйскія крыжы. Чаму? Аказалася, Ігнацій Кароль Корвін-Мілеўскі, які ў ХІХ стагоддзі валодаў Геранёнамі, вырашыў здабыць графскі тытул. Замка прад'явіць не было магчымасці — руіны... Ігнацій на матчын пасаг купляе ў Ватыкане графскі тытул, дзеля чаго мусіў уступіць у Мальтыйскі ордэн, то-бок стаць мальтыйскім рыцарам. Вось адкуль крыжы на варотах — граф і рыцар хваліўся новым статусам.
4. Жырандоля ў Красным Беразе
Калі мы наведвалі сядзібу Козел-Паклеўскіх у Красным Беразе, што каля Жлобіна, уразілі інтэр'еры — змяшаліся розныя стылі, ад готыкі да неамаўрытанскага. А ў лесвічным пралёце — цудоўная каваная жырандоля ў стылі ар-нуво, і столь аднаго з пакояў аздобленая каванымі галінкамі і кветкамі. Ну і вадасцёкавыя трубы-хімеры на фасадзе дадаюць каларыту.
5. Станцыя метро «Кавальская Слабада»
Калі не былі яшчэ на станцыі мінскага метро «Кавальская Слабада» — з'ездзіце, палюбуйцеся сярод іншага на работы Марыі Тарлецкай. Тое, што беларуская жанчына можа скараць агонь і жалеза, пацвярджаюць «Кавальскія выцінанкі», што ўпрыгожваюць станцыю.
6. Крыжы Будслава
Каля Сцен Будслаўскага касцёла сёння можна ўбачыць два незвычайныя крыжы — жалеза з пачарнелым дрэвам, пакарабачаныя кавалкі металу на іх... Гэта памяць пра пажар, які адбыўся ў касцёле ў 2021 годзе, а крыжы зробленыя з абгарэлых тады бэлек.
7. Галубы Старых Габаў
Шмат цікавых кавальскіх вырабаў пабачана... Але не магу не згадаць гэты, зроблены нейкім народным майстрам. Мілыя расфарбаваныя металічныя галубкі паселі на агароджы Свята-Мікалаеўскай царквы ў вёсцы Старыя Габы на Мядзельшчыне. Царква з бутавага каменю, аздобленая жоўтай цэглай... І ў белай браме, на ярка-сініх прэнтах варотаў — галубкі нахілілі галоўкі...
Хай жа ўладары жалеза і агню і надалей радуюць нас!