Шляхціц Вырвіч завяршыў свае прыгоды
Вядомая беларуская пісьменніца Людміла Рублеўская паведаміла, што завяршыла прыгодніцкую серыю раманаў «Авантуры Пранціша Вырвіча». Усяго ў серыю ўвайшло сем кніг (гепталогія). Першы раман серыі выйшаў 10 гадоў таму.

Людміла Рублеўская з трылогіяй «Авантуры Пранціша Вырвіча»
Па жанру серыю «Авантуры Пранціша Вырвіча» адносяць да гістарычна-прыгодніцкага рамана, фантасмагорыі, а некаторыя называюць яе нават гістарычным беларускім фэнтэзі.
Галоўныя героі рамана – шляхціц Пранціш Вырвіч і доктар Баўтрамей Лёднік, падзеі разгортваюцца ў XVIII стагоддзі. Небагаты шляхціц, збеглы вучань Менскага езуіцкага калегіюму Пранціш Вырвіч трапляе ў неверагодныя прыгоды, падчас якіх ён знаёміцца з доктарам Баўтрамеем Лёднікам з Полацку.
Разам з якім яны акунаюцца ў віхуру падзей, якімі быў насычаны той час, у прыватнасці магнацкія інтрыгі і барацьба за трон Рэчы Паспалітай. Носіць лёс герояў і па Еўропе, а яшчэ яны шукаюць скарбы і старажытныя артэфакты.
Першая частка гепталогіі «Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега» была выдадзена ў выдавецтве «Звязда» у 2012 годзе. Па гэтай кнізе быў зняты фільм, перадпрэм'ерны паказ якога адбыўся ў сакавіку 2020 года ў мінскім Доме кіно. Праўда, на жаль, у шырокі пракат фільм дагэтуль не выйшаў.

Перадпрэм'ерны паказ фільма ў Доме кіно. Здымачная група

Усяго выдавецтва выдала 6 частак, апошняя — «Авантуры Вырвіча, Лёдніка і Чорнай Меланхоліі» выйшла ў 2020 годзе.
Кніга неаднаразова была адзначана: абрана «Кнігай года – 2015», у 2019 увайшла ў «Топ-10 найлепшых кніг часоў беларускай незалежнасці», а ў 2017 годзе чацвёртая кніга серыі, «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата», была нават уганараваная Нацыянальнай літаратурнай прэміяй.

Урывак з завяршальнай часткі на старонках часопіса «Полымя»
Сёмая кніга яшчэ не выдадзена, але пазнаёміцца з ёй ужо можна на старонках часопіса «Полымя» №№ 8–10.
З нагоды завяршэння рамана пісьменніца Людміла Рублеўская напісала на сваёй старонцы на Фэйсбуку наступнае: «Вось і ўсё, завяршальная частка завяршальнай часткі) Заканчэнне сёмага раману пра Вырвіча і Ледніка. Для сяброў, якія задавалі пытанні, дзе набыць, адказваю: ведаю толькі, што ў продажы яшчэ нядаўна была шостая кніга. Сёмая пакуль толькі так, у часопісным варыянце. "Полымя", нумары 8, 9 ,10 за 2022 год».

Прэзентацыя трэцяй кнігі «Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча». Злева направа: А. Мальдзіс, Г. Бутырчык, Л. Рублеўская, Г. Кісліцына, Д. Марціновіч, А. Карлюкевіч.
Парадак кніг: 1. Авантуры Пранціша Вырвіча, шкаляра і шпега. 2. Авантуры студыёзуса Вырвіча. 3. Авантуры драгуна Вырвіча. 4. Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфедэрата. 5. Авантуры Вырвіча з банды Чорнага Доктара. 6. Авантуры Вырвіча, Лёдніка і Чорнай Меланхоліі. 7. Авантуры Пранціша Вырвіча, маршалка Менскага.
Першы раман серыі выйшаў 10 гадоў таму.
