Галоўным лаўрэатам прэміі Ежы Гедройця-2022 стаў Сяргей Абламейка

Галоўным лаўрэатам прэміі Ежы Гедройця сёлета назвалі Сяргея Абламейку з творам «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая», выдадзеным у 2021 годзе Радыё «Свабодная Эўропа». Як перадае з Варшавы карэспандэнт «НЧ», Абламейка атрымае грашовую прэмію.

Сяргей Абламейка

Другое месца на цырымоніі ўручэння аддалі Вользе Гапеевай («Самота, што жыла ў пакоі насупраць», Мінск, «Галіяфы», 2021). У якасці прыза яна зможа здзейсніць творчую паездку на Готланд (Швецыя).

Трэцім лаўрэатам прэміі Ежы Гедройца — з магчымасцю выдаць наступную кнігу — стаў Валерый Гапееў («Жэнька, каралева мышак». Мінск, «Кнігазбор», 2021).

Сёлета на прэмію прэтэндавалі таксама Максім Клімковіч («Шкляная лялька і іншыя страшныя гісторыі». Мінск, «Галіяфы», 2021), Уладзімір Някляеў («Гэй Бэн Гіном». Беласток, Фонд Kamunikat.org, 2021) і Ганна Севярынец («Мая школа». Мінск, «Лімарыус», 2021).

Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройця — прэмія, заснаваная 28 снежня 2011 года, якая прысуджаецца за найлепшую кнігу прозы, выдадзеную на беларускай мове ў жанрах «мастацкая проза» і «эсэістыка». Заснавальнікамі літаратурнай узнагароды выступілі пасольства Польшчы ў Беларусі, Польскі Інстытут у Мінску, Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў.

Прэмія была названа ў гонар ураджэнца Мінска, польскага публіцыста і палітыка Ежы Гедройця, які ў сваёй культурнай дзейнасці быў паслядоўным прыхільнікам добрасуседскіх зносінаў паміж Польшчай і Беларуссю, Літвой і Украінай.



Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Больш цікавага на «Новым Часе»: