Сяргей Балянок і сусветны мастацкі працэс. Анонс выставы

У Беларусі багата вельмі добрых мастакоў-графікаў. Але з Сяргеем Балянком мяне звязваюць асаблівыя адносіны. Прычым асабіста мы пазнаёміліся з Сяргеем толькі 2 верасня 2014 года.



Усё пачыналася ў 1992-м. Тады я ўпершыню трапіў у ЗША па трэнінг-праграме Інстытута Крыбла. Бізнемен, Боб Крыбл, кансерватар-рэспубліканец і вялікі рамантык, сузаснавальнік цэнтру амерыканскага кансерватызму “Heritage Foundation” на свае сродкі ўтрымліваў праект, чымсці падобны да Фонда Сораса. У посткамуністычных краінах Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, наймаючы сабе прадстаўнікоў, Інстытут праводзіў звышпапулярныя 2-дзённыя семінары. Першы семінар такога фармату адбыўся ў Беларусі ў лістападзе 1992-га. Потым мне пашчасціла некалькі разоў пабываць у ЗША па розных справах. 
Увосень 1992-га ў Вашынгтоне я пазнаёміўся з адным экс-сенатарам, які даведаўшыся, што я мастацтвазнаўца, ён прапанаваў выстаўляць на пастаяннае экспанаванне і продаж у адной з вашынгтонскіх галерэй творы беларускіх мастакоў. 
Цяжка было не захапіцца — узнік шанец стварыць беларускі культурны куток у сталіцы ЗША! І ў мой другі візіт у ЗША, у жніўні 1993-га я вёз з сабой палатно Зоі Літвінавай, гравюру Сяргея Балянка, яшчэ некалькі гравюр. Часы стаялі суматошныя, мастакі і іх сябры лёгка пускаліся на авантуры дзеля выстаў за мяжой і магчымых заробкаў. Ды і з вывазам мастацкіх прац з Беларусі не ўсё адназначна вырашалася. Прыкладам, у мяне на тое не было дазволу Мінкульта, але мне ўдалося іх вывезці. На бяду. Бо экс-сенатар нікуды іх выстаўляць не збіраўся, а папросту ўпрыгожыў імі сваю кватэру, у якой, на маё здзіўленне, на той момант ужо былі яшчэ два афорты Сяргея Балянка.
Не буду пераказваць усе падзеі, але летам 1995-га гэтыя творы ўсё ж прывез у Беларусь прадстаўнік Інстытута Крыбла Інстытута. Потым “згубіўся” Балянок, прынамсі, ў сярэдзіне 1990-х знайсці яго і аддаць гравюру мне не ўдалося. А ў 2009 годзе я паступіў няправільна: падараваў гэты выдатны афорт, дзе адлюстроўвалася “котка, што гуляе сама па сабе”, на юбілей сябру.
І вось 26 жніўня 2014 года ў Музеі сучаснага мастацтва на рагу плошчы Якуба Коласа адчынялася персанальная выстава графікі Сяргея Балянка. Я ішоў на сустрэчу з ім з павіннай галавой. А сустрэў вельмі сімпатычнага і ўсмешлівага чалавека, які шчыра сказаў мне: “Да не хвалюйцеся, ваша думка, што мае афорты каштуюць па 300 долараў — памылковая. У гэтай краіне ў людзей няма грошай на мастацтва… таму напішаце артыкул — і мы ў разліку.” І ўсміхнуўся, як мне падалося, усмешкай Чэшырскага ката. Невыпадкова, бо на многіх ягоных гравюрах героі — менавіта сімпатычныя коткі.
Тады надрукаваць артыкул не атрымалася. Але заўтра, 26 мая а 17-й гадзіне, у тым самым Музеі сучаснага мастацтва на праспекце Незалежнасці, 47, адчыняецца чарговая выстава Сяргея Балянка — “Усё як заўсёды”. Працаваць яна будзе па 13 чэрвеня. Будуць прадстаўлены графічныя аркушы 2005–2015 гадоў. Іх дапоўняць мастацкія палотны, якія аўтар ніколі не экспанаваў.