«Белсат» знайшоў беларускія вырабы на выставе Expo ў Парыжы 1925 года

Пакуль Беларусь хваліцца трактарамі на Expo ў Мілане, «Белсат» пацікавіўся, калі на гэтай славутай міжнароднай выставе свет упершыню ўбачыў беларускія тавары.



soviet_pavilion_paris_1925_article_big.jpg

Гэтымі днямі ў Мілане праходзіць Сусветная выстава Expo — такая ж, як у Парыжы, што пакінула нам у спадчыну Эйфелеву вежу ў далёкім 1889-м. Сярод краінаў, якія хваляцца дасягненнямі, ёсць і Беларусь, якая (усяго другі раз у гісторыі) мае свой павільён.

Ладзяцца Expo, як вядома, з 1851 года. І заўсёды — з вялікім размахам. На іх краіны знаёмяць наведнікаў са сваймі дасягненнямі ў навуцы, тэхніцы, вытворчасці ды культуры. Калісьці на Expo публіцы ўпершыню паказалі элеватар (Дублін, 1853), калькулятар (Лондан, 1862), тэлефон (Філадэльфія, 1876), тэлебачанне (Нью-Ёрк, 1939), камп’ютэр і факс (Нью-Ёрк, 1964).

Міжволі мы пачалі шукаць беларускія сляды выставах тых часоў, калі Беларусь не была самастойнаю.

Вышыванка ды морфій

У 1925-м Парыж шосты раз стаў сталіцаю Expo. Выстава была знакаваю: у ёй упершыню браў удзел Савецкі Саюз. Тэхнічнымі навінкамі краіна саветаў бліснуць была не ў стане, таму вырашылі браць культурай. Газета «Известия» пералічвала першыя экспанаты, якія паехалі ў Францыю. Сярод іх былі вышыўкі з Беларусі ды сапраўдная туркменская юрта з «жывымі» дываншчыцамі. Праўда, фурор у Парыжы зрабілі пабудаваныя ў савецкім павільёне хата-чытальня ды рабочы клуб, чаму шчыра здзіўляўся аўтар савецкай кнігі «Парад сусветных выставаў» Мікалай Мязенін: маўляў, для нас, савецкіх людзей, — звычайная рэч.

belsat.eu__media_uploads_i_55bf44c32709621579ee880ee96f9290.html

Маладыя сяляне з паселішча Гарадзішча на Берасцейшчыне, 1937 год. Фота nac.gov.pl

Вядома, што вышыванкам было наканавана прадстаўляць не БНР, а БССР, і Беларусь тады не мела ўласнага павільёну.

Мне не ўдалося знайсці звестак, ці прывозілі іншыя беларускія тавары або мастацкія вырабы на папярэднія выставы ў другой палове XIX або ў першай палове ХХ ст., калі Беларусь (або заходняя яе частка) знаходзілася ў складзе іншых дзяржаваў. Хоць практыка такая існавала. Палякі, напрыклад, яшчэ перад атрыманнем незалежнасці ў 1918-м, актыўна выстаўлялі сваіх мастакоў, сярод іх – Яна Матэйку.

На даваенных выставах маладая польская дзяржава ўжо мела ўласны павільён, але як і СССР была не ў стане канкураваць з заходняю тэхналагічнай думкай, таму ўпор рабіла на гісторыю: экспазіцыя мела давесці, што Польшча – вялікая еўрапейская дзяржава. Прасякнуцца веліччу можна было, напрыклад, у цені статуяў Уладзіслава Ягайлы і Адама Міцкевіча, якія мелі па некалькі метраў у вышыню. У спісе тавараў, якія Польшча павезла ў 1939-м на выставу ў Нью-Ёрк, былі піяніна, мікраскопы, матацыклы, шынка і нават морфій, але фірм, якія знаходзіліся на тэрыторыі Беларусі, сярод вытворцаў не значылася.

Польскі павільён на выставе ў Нью-Ёрку, 1939 год

Першую пасляваенную Expo зладзілі толькі ў 1958-м. Тады ў Бруселі беларускія вытворцы атрымалі як мінімум дзве прэстыжныя ўзнагароды: гран-пры за першы ў свеце 40-тонны самазвал МАЗ-530 ды бронзавы медаль за набор «Аметыст» са шклозаводу «Нёман».

Паколькі галоўнаю мэтай СССР на такіх выставах было «дагнаць і перагнаць Амерыку» ў плане тэхнічных навінак, прадукцыя саюзных рэспублік грала другасную ролю. Яны меліся разбавіць пафасную экспазіцыю нацыянальным каларытам. Цягам некалькіх месяцаў працы павільёну адзін за другім ладзіліся дні рэспублік СССР песнямі ды танцамі. Здаралася савецкім арганізатарам прыдумаць і цалкам не банальны рэкламны ход.  Падчас Expo 67 у Манрэалі са стаянкі да павільёнаў можна было даехаць на адным з чатырох конных вазоў з сенам, якія былі часткаю беларускай экспазіцыі, а пасля ўдзельнічалі ў міжнародным конным шоу.

belsat.eu__media_uploads_i_01ec59d46d3a77670193d6f9f4516646.html

МАЗ-530. Фота all-auto.org

  • belsat.eu__media_uploads_i_43b4f012b1fed60da1d32a0ae0dc61e3.html

    Савецкі павільён на Сусветнай выставе ў Нью-Ёрку, 1939 год. Фота gorod.tomsk.ru

  • belsat.eu__media_uploads_i_7b2bb33f57f336b711a0b961181b7a17.html

    Савецкі павільён на Сусветнай выставе ў Брусэлі, 1958 год. Фота gorod.tomsk.ru

    Здзівіць свежым паветрам

    Незалежная Беларусь упершыню фігуравала на Expo 98 у Лісабоне. А асобны павільён сабе дазволіла толькі ў 2010-м у Шанхаі, ды і то не пабудаваць (што дорага), а арандаваць тыпавы, зроблены кітайцамі для патрэбаў выставы. Expo 2010 праходзіла пад лозунгам «Лепшы горад — лепшае жыццё», на ёй мы хваліліся чыстымі паветрам і вадою (гэта дызайнеры адлюстравалі ў інтэр’еры) ды паілі наведнікаў гарбатаю з зёлак.

    Сёлетня выстава ў Мілане працуе ад пачатку траўня. Ейны дэвіз: «Накарміць планету. Энергія для жыцця». Беларусы пабудавалі павільён вакол ідэі кола жыцця ды галоўнымі багаццямі нашай зямлі прадставілі хлеб, соль і ваду. Карацей, галоўны упор тут на сельскую гаспадарку. Павільён падзелены на дзве часткі велізарным колам ветранога млына, якое хацелі зрабіць рухомым, але правілы бяспекі не дазволілі. Пад колам – дарожка, сімвалізуе раку. А побач трактар «Беларусь».

    belsat.eu__media_uploads_i_5878f88cd2a17f15d15d05441b9b7fca.html

    Беларускі павільён на Expo 2015 у Мілане. Фота inhabitat.com

    Упершыню мы маем на Expo свой рэстаран «Kali Laska», дзе кормяць селядцом, халадніком, марынаванымі грыбамі, калдунамі ды мясам па-радзівілаўску. Але наведнікі часцей за ўсё купляюць дранікі. У павільён іх пускаюць з траўня, але афіцыйна яго прэзентуюць толькі 9 верасня, калі на Expo будуць адзначаць нацыянальны дзень Беларусі.

    Інга Астраўцова, belsat.eu