У Стоўбцах правядуць Казюкі — фэст у гонар святога Казіміра

Рыма-каталіцкая парафія святога Казіміра ў і Стоўбцах правядзе 6 сакавіка 2022 года фэст «Стаўпецкія Казюкі» у гонар святога Казіміра.

3wm2tj1ge20jvfvwwk1bns6gmpj8gxbo.jpg

Святы Казімір — каралевіч, апякун Вялікага Княства Літоўскага, а таксама моладзі, лічыцца адным з найбольш шанаваных святых на нашых землях. У Беларусі тытул святога носяць каля 15 касцёлаў, а яго абраз можна спаткаць у вельмі многіх святынях нашага краю.
Пра ўсеагульную любоў да св. Казіміра сведчыць і яго ласкавае народнае імя — Казюк, ад якога пайшла назва адпустовага фэсту — Казюкі. Найбольш вядомы фэст «Казюкас» штогод адбываецца ў Вільні. Аднак апошнім часам геаграфія гэтага традыцыйнага свята робіцца ўсё больш шырокай. У Беларусі прызнанне атрымалі Казюкі ў Горадні, дзе ў 1484 г. каралевіч скончыў свой зямны шлях. Але і невялікія Стоўбцы, дзе парафія носіць яго імя ўжо чатыры стагоддзі, таксама маюць вялікае жаданне годна ўшанаваць памяць св. Казіміра, вядомага сваёй пабожнасцю, асаблівай адданасцю Маці Божай і шматлікімі справамі дабрачыннасці. Раней свята ў парафіі абыходзілася парафіяльным адпустам, сёлета ж арганізоўваецца ў больш шырокім фармаце: з шэсцем па горадзе, урачыстай канцэртнай праграмай, выставамі і кірмашом.
Расклад урачыстасцяў:
10.00 — збор удзельнікаў шэсця на плошчы Леніна ў Стоўбцах;
10.30 — пачатак шэсця да касцёла святога Казіміра (вуліца Ленінская, 72); вітаем на шэсці гасцей у годных нацыянальных і гістарычных строях.
11.00 — святая Імша ў касцёле (новы будынак)
12.00 — пачатак канцэртнай праграмы, кірмашу і іншых мерапрыемстваў фэсту.
Падчас фэсту запланаваныя розныя майстар-класы: рамесніцкія, мастацкія, беларускіх танцаў і т. п.; гандаль рамесніцкай і сувенірнай прадукцыяй, кулінарнымі вырабамі, прадукцыяй прадпрыемстваў горада і раёна, а галоўнае — вясёлая святочная вясновая атмасфера.
Вітаецца прыезд арганізаваных турыстычных груп.
Кантактныя тэлефоны:
+375 29 6137085 — Алесь Белы,
+375 29 8547164 — Ганна Бычынская.
budzma.org