VULICA BRASIL закрываецца (фота)
Сёння а 12.00 завяршаецца беларуска-бразільскі фестываль урбан-арту VULICA BRASIL. На працягу апошніх содняў у межах закрыцця на Кастрычніцкай прайшоў шэраг цікавых мерапрыемстваў.
Гуляючы 2 верасня па Кастрычніцкай можна было і не
паверыць, што ты ў Мінску: гарадскі пляж з валейболам, паветраны змей,
аграмадны фуд-корт эка-ежы... Але пра беларускія рэаліі нагадваў дагляд рэчаў
на пачатку вуліцы і аўтазак у канцы... Пад вечар на ўваходзе праз кардон нават
вырасла чарга. Людзей было даволі шмат, але ўсё ж менш, чым магло б быць:
частка патэнцыйнай публікі гуляла ў Верхнім горадзе на Дні грузінскай культуры
і гастранамічным фэсце «Тбілісоба-2017».
Праўда, аматары вулічным свят маглі паспець і туды, і туды: праграма Тбілісоба
завяршылася позняй ноччу дыскатэкай, а на Кастрычніцкай, як ужо згадана, гулялі
цэлыя содні, з 12.00 да 12.00.
Адной з найбольш запамінальных падзей на Кастрычніцкай стала батукада – шэсце з бразільскімі барабанамі. Найрад ці гэта можна назваць бразільскім карнавалам. Як падкрэсліваў амбасадар Федэратыўнай Рэспублікі Бразілія ў Беларусі Паўла Антонія Перэйра Пінта падчас прэс-канферэнцыі, карнавал у Беларусі набывае мясцовыя рысы, і гэта вельмі добра.
Акрамя батукады і гарадскога пляжа наведвальнікаў закрыцця VULICA BRASIL чакалі тры сцэны, эка-маркет, мастацкі і рамесны кірмаш, творчыя заняткі для дзяцей, спартыўная пляцоўка. І, канечне, новыя графіці! Напрыклад, дамаляваны мураль Рамона Марцінса з жывёламі на корпусе МЗКР № 5 (вул. Кастрычніцкая, 19-5).
Аднак, большасць мураляў сёлета стваралася за межамі Кастрычніцкай: на будынках гімназіі № 75 па Свярдлова, 30 і майстэрні скульптара Івана Міско па вул. Інтэрнацыянальнай, 11 (Eugene MUTUS), на офісным будынку па вул. Чыгуначнай, 31-1 (Міця Післяк), на будынку Belavia па вул. Няміга, 12 (Луіс Марцінс aka L7M), на абутковай фабрыцы «Луч» па вул. Кальварыйскай, 18 (Даніла Сільва aka Zéh Palito), на культурным цэнтры «Корпус» па пр. Машэрава, 9 (Дыегу Dedablio), на вул. Раманоўская Слабада 5а (Horoiwa)…
Затое на Кастрычніцкай можна было пабачыць арт-трамваі, Ідэальны хмарачос і лазовыя трубы, што пачалі аплятаць будучы культурны кластар Белгазпрамбанка, а пакуль заводскі будынак МЗКР (дом № 16).