Аншлаг на Пешаходцы (фота)
У суботу ў мінскім Карэтным дворыку быў аншлаг. Прыхільнікі ZNICH ледзь не залазілі на сцэну, слэміліся і вадзілі карагоды — панаваў угар і адрыў. У канцы самыя маленькія фанаты такі апынуліся разам з гуртом на сцэне.
ZNICH загадзя вывесіў
у сацсетках сэт-ліст, прапануючы фанатам спець разам. Песні ў спісе былі старыя
і добра вядомыя, ад «Язычнік я» 1997 года да шматлікіх хітоў 2011 года з
альбома «Мроя». Апошні альбом, «Чорны сімвал»,
быў прадстаўлены толькі песняй «Дунаю». Нагадаем, што праз непаразуменні
з аўтарам слоў і музыкі да большасці песень, экс-басістам гурта Аляксандрам
Філіпенкам, астатнія кампазіцыі ZNICH не грае, а за выкананне «Дунаю» музыкам
пагражае судовае разбіральніцтва.
У натоўпе чуліся абмеркаванні абноўленага складу ZNICH. Жартавалі, што басістаў гурт, мабыць, абірае па фенатыпе: Павел Дармель вонкава даволі падобны да Аляксандра Філіпенкі. За час існавання ZNICH склад музыкаў мяняўся неаднаразова. Зміцер Сырэц, адзін з першых бубначоў гурта, што вучыўся з Алесем Таболічам з 5-га класа, наведаў канцэрт на Пешаходцы і быў ганарова запрошаны на сцэну.
Упершыню за доўгі час былі надрукаваны Т-шоткі з лагатыпам ZNICH. Алесь Таболіч са сцэны актыўна заклікаў набываць іх разам з “забароненымі” дыскамі, мабыць, маючы на ўвазе шматпакутны «Чорны сімвал». Факт продажу дыскаў музыкі каментаваць адмовілася.
У творчых планах ZNICH — альбом «Шлях да спадчыны», куды ўвойдзе лепшае за 20 год.