Сонечная Італія святкуе ў Мінску

Італія — высокая мода, вытанчаная кухня, запальная музыка і хуткасныя спартовыя аўтамабілі. І ўсё гэта зусім побач. Перанесціся на адзін дзень з восеньскага Мінска ў сонечную Італію можна не адпраўляючыся ў далёкае вандраванне. Досыць выбрацца ў Верхні горад на плошчу Свабоды.

2_58_logo.jpg

Мерапрыемства праходзіць у рамках Года італьянскай культуры ў Беларусі. «Свята сяброўства Італія – Беларусь» у Верхнім горадзе арганізавалі сёння для мінчукоў і госцяў сталіцы Пасольства Італіі ў Мінску і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт. У рамках свята сёння праходзіць шэраг маляўнічых мерапрыемстваў – у сцен гарадской ратушы выступаюць італьянскія і беларускія артысты: фальклорны калектыў «Тамбурыністы з Атранта», заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь «Дударыкі» і студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
Перформанс у стылі sand art пакажуць мастачка пескаграфіі Вольга Радзецкая і музыка Андрэй Апановіч. Для тых, хто сочыць за моднымі навінкамі і тэндэнцыямі, дызайнеры-удзельнікі Беларускага Тыдня моды прадстаўляюць навінкі сваіх модных калекцый. А для аматараў высокага мастацтва артысты Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра ім. М. Горкага прапануюць нацешыцца аглядам аднаго з актаў з камедыі «Карчмарка» ў пастаноўцы Маттэа Спьяццы.
Госцяў свята чакаюць не толькі музычная і тэатральная праграмы. Апроч гэтага сёння можна бясплатна атрымаць кансультацыі і наведаць майстар-класы стылістаў школы «Image PRO». Аматараў вытанчаных мастацтваў чакае выстава карцін на італьянскія сюжэты мастака Паўла Кандрусевіча, выстава чальцоў рымскага фотаклуба «Genzano di Roma» ад галерэі мастацтваў «Універсітэт культуры», навінкі італьянскай літаратуры ад крамы «Лінгва Стор» і мерапрыемствы беларускага камітэта «Грамадства Дантэ Алігьеры», уключаючы розыгрыш сертыфікатаў на бясплатнае навучанне італьянскай мове.
Не забыліся і пра юных наведвальнікаў — спецыяльна для іх арганізавалі гульнявыя зоны і пляцоўкі для творчасці ў павільёнах таварыства «Італа-беларускі цэнтр супрацоўніцтва і адукацыі «Сардзінія» і Прадстаўніцтвы Дзіцячага Фонду ААН «ЮНІСЭФ» у Беларусі.


Для аматараў драйва і хуткасных аўта адмыслова прывезлі новенькія італьянскія аўтамабілі. Пракаціцца на іх, зразумелая справа, не атрымаецца, але можна зрабіць на памяць эфектныя сэлфі на фоне апошніхмадэляў аўтамабіляў марак Maserati і FIAT. Яшчэ адна фотазона разгарнулася на пляцоўцы школы гутарковай італьянскай мовы «Lingo».
І вядома ж, нельга пабываць у Італіі і не паспрабаваць непараўнальнай італьянскай кухні. Як і трэба было чакаць, цвік сённяшняга свята – фуд-корт ад знакамітых італьянскіх рэстаранаў і вытворцаў харчовых прадуктаў. У гурманаў і наведвальнікаў ёсць выдатная магчымасць пакаштаваць аўтэнтычныя стравы італьянскіх рэгіёнаў, прадэгуставаць сыры і марозіва, зробленае па ўнікальнай італьянскай тэхналогіі і далучыцца да сакрэтаў міжземнаморскай кухні падчас майстар-класа шэф-кухара Іньяцыа Роза, які летась падчас сваіх непаўторных майстар-класаў збіраў проста велізарную колькасць гледачоў.
А на завяршэнні вечара, з 20.30 да 22.00 з захапляльным канцэртам выступіць рок-група «Nuteki».
Месца правядзення свята: плошча Свабоды. Час: з 12.30 да 22.00. Арганізатары мерапрыемства – Мінгарвыканкам і Пасольства Італіі ў Рэспубліцы Беларусь.