Адрамантаваць лесвіцу? Не, танней заварыць!
Нарэшце рукі ЖРЭА №1 Фрунзенскага раёна Мінска дайшлі да вялікай лесвіцы, што некалькі гадоў ужо знаходзіцца ў крытычным стане. Аднак замест рамонту камунальнікі толькі пагоршылі сітуацыю.

Жыхары прасілі адрамантаваць лесвіцу, аднак улады вырашылі яе заварыць. Няма лесвіцы — няма праблем.
На калектыўны зварот жыхароў мінскага мікрараёна Харкаўская-2 з просьбай адрамантаваць аварыйную лесвіцу паміж дамамі №4 корп. 4 і №6 корп. 4 па вуліцы Берута, мясцовыя ўлады адрэагавалі дзіўна — папросту вырашылі заварыць уваходы на канструкцыю. Між тым, лесвіца спалучае некалькі дамоў ды вядзе да школы.

У чэрвені-жніўні гэтага года актывісты грамадскага аб'яднання «Альтэрнатыва» (зарэгістравана ў Латвіі) збіралі подпісы сярод жыхароў акругі дзеля вырашэння найболей вострых праблем лакальнага характару. Сярод іх — небяспечная для выкарыстання аварыйная пешаходная лесвіца, што знаходзіцца паміж жылымі будынкамі №4 корп. 4 і №6 корп. 4 па вуліцы Берута. Паводле жыхароў, гэты аб'ект ужо некалькі гадоў знаходзіцца ў крытычным стане, аднак камунальныя службы нічога не зрабілі дзеля вырашэння гэтай праблемы.

Пад канец жніўня на зварот па рамонце лесвіцы паступіў адказ ад кіраўніцтва ЖРЭА №1 Фрунзенскага раёна горада Мінска, у якім паведамляецца пра рашэнне ўключыць дадзены аб'ект у рамонтныя працы ў 2018 годзе, а да гэтага часу даецца парада карыстацца іншымі канструкцыямі суседніх будынкаў.

«Зразумелая справа, мінакі не будуць шукаць, дзе там, у бліжэйшых будынкаў ёсць прыдатныя для выкарыстання лесвіцы, ім прасцей ісці па кароткім шляху. Зараз грамадзяне вымушаны абыходзіць завараную лесвіцу па зялёнай зоне, якая пасля дажджоў робіцца яшчэ болей слізкай і небяспечнай. Такое рашэнне чыноўнікаў абсурднае і толькі яшчэ больш правакуе небяспечныя сітуацыі», — каментуе адказ лідар «Альтэрнатывы» Алег Корбан.