«Тбілісоба-2017». Танчым пад грузінскія напевы да ночы (фота)

Сёння цэнтр Мінска на дзень ператварыўся ў маленькую гасцінную Грузію.

1_69_logo.jpg


На плошчы Свабоды 2 верасня праходзіць свята грузінскай культуры гастранамічны фэст «Тбілісоба Баржомі 2017». Запальныя песні і танцы, гарачая грузінская кухня і не толькі. Сёння арганізатары вырашылі пайсці яшчэ далей – большы ў два разы, чым летась, фудкорт (прасцей кажучы – застолле), большы ахоп тэрыторыі гульняў і свята пад адкрытым небам амаль да ночы. І на гэты раз не толькі традыцыйная Грузія – але і сучасная, з яе модай і электроннай музыкай.

9_28_logo.jpg


На тэрыторыі Верхняга горада мы можам убачыць не толькі тую Грузію, якую мы ведаем і да якой прызвычаіліся, але і зірнуць на тое, чым краіна і яе маладыя жыхары жывуць сёння. Адноўленная «Тбілісоба» пакажа традыцыйную праграму днём, а пасля 22:00 адкрые моладзевую вечарынку пад адкрытым небам.

5_49_logo.jpg


Свята дакладна прыйдзецца даспадобы гурманам і аматарам вострай каўказскай кухні. Тут можна паспрабаваць духмяныя хачапуры, сакавітыя хінкалі, сытны аджапсандалі і іншыя нацыянальныя стравы. У параўнанні з мінулым годам фудкорт стаў большы ў два разы, і цяпер сталы могуць змясціць у два разы больш гасцей. Больш таго, фудкорт павялічыўся да 25 рэстаранаў з традыцыйнай грузінскай кухняй і стравамі ў фармаце on the go. Пройдуць і традыцыйныя майстар-класы, падчас якіх можна не толькі пакаштаваць, але і самому прыгатаваць розныя грузінскія стравы.

11_26_logo.jpg


І яшчэ адна прыемная адметнасць – да фэсту нацыянальнай культуры ўпершыню далучылася вуліца Зыбіцкая, дзевяць устаноў якой прапануюць аўтарскае бачанне грузінскай кухні, напрыклад, «хмельныя» ці вегетарыянскія шашлыкі.

12_30_logo.jpg


Таксама пашырылася і музыкальная праграма. Пакуль на галоўнай сцэне гучаць традыцыйныя мелодыі ў выкананні грузінскіх калектываў, на вуліцы Зыбіцкай музыкі «Пешаходкі» выконваюць каверы на грузінскія кампазіцыі ў сучаснай апрацоўцы.

16_10_logo.jpg


З’явіўся сёння ў Верхнім горадзе і куток Старога Тбілісі, дзе паказваюць нацыянальныя касцюмы, праводзяцца майстар-класы па грузінскіх танцах і навучаюць грузінскаму алфавіту – ахвотнікі могуць напісаць сваё імя па-грузінску. А пасля 22:00 пачнецца начная праграма, падчас якой плошча Свабоды ператворыццы ў велізарны танцплац фэсту грузінскай электроннай музыкі. З гэтай нагоды адмыслова прыехалі лепшыя дыджэі Тбілісі – Nika Amirejibi і Lashа Guruli. Таксама на сцэне Верхняга горада пройдзе начны модны паказ пад адкрытым небам – музыка і дызайнер Кахабер Цыскарыдзэ прадставіць сваю першую калекцыю адзежы.


Арганізатары фестывалю – Мінгарвыканкам, пасольства Грузіі, дыяспара ў асобе Грузінскага культурна-асветніцкага грамадства «Мамулі» і ГМ «Баржомі».
Даведка: У Беларусі пражывае каля 5 тысяч грузінаў. Грузія ўваходзіць ў дзясятку самых папулярных турыстычных накірункаў сярод беларусаў. Пры КАГ «Мамулі» працуюць курсы грузінскай мовы. Заняткі праходзяць у Рэспубліканскім цэнтры нацыянальных культур.