А яно Пуціну трэба? Некалькі прычын, чаму Расія не збіраецца паглынаць Беларусь

Старая экзістэнцыйная фобія беларусаў — ці не страціць наша краіна незалежнасць — апошнім часам імкліва прагрэсуе і пашыраецца. Ёсць ад чаго: звонку ўсё часцей узнікаюць трывожныя знакі, гучаць двухсэнсоўныя словы, адбываюцца нядобрыя падзеі. І што характэрна: беларуска-расійскія палітолагі-канспіролагі, наганяючы залішняга страху, навыперадкі тыражуюць самыя разнастайныя версіі немінучага аншлюсу.

Фота belmarket.by

Фота belmarket.by

Падпісаныя 28 саюзных праграм? Цяпер Расія пацягне за гэтую нітачку і паглыне Беларусь. У лютым чакаецца рэферэндум? Гэта цісне Масква, якая хоча пасадзіць у Мінску свайго пракуратара. На Усходзе мацуецца мілітарысцкая рыторыка? Да нас збіраюцца «ветлівыя людзі» з няветлівымі намерамі.
І гэтак далей, і таму падобнае.
На беларускай зямлі паўстануць расійскія ваенныя базы… Пуцін — паталагічны імперыяліст, які хоча збіраць «рускія землі»… Лукашэнка залез у такія даўгі перад Расіяй, што расплаціцца можна толькі суверэнітэтам… Усё так — усё гамон, і самае позняе 2023 год мы дакладна будзем сустракаць пад трыкалорам і пад біццё крамлёўскіх курантаў.
Самі вінаватыя, трэба было слухаць дзядзьку Зянона.
Зрэшты, хопіць апакаліптычных тэорый. Насамрэч, хочаце верце, хочаце не, страхі адносна суверэнітэту моцна перабольшаныя. Больш за тое — трывогі гэтыя цалкам надуманыя, і анічога беларускай незалежнасці ў бліжэйшай гістарычнай перспектыве не пагражае. На тое ёсць шмат прычын — і, да прыкладу, тыя тры, што сфармуляваныя ніжэй.

Расія не далучае Абхазію і Паўднёвую Асецію, то навошта ёй Беларусь?

Калі б Уладзімір Пуцін сапраўды быў апантаным прыхільнікам імперыі і бачыў сваім «жыццёвым заданнем» пашырэнне тэрыторый, то расійскія сцягі ўжо даўно б развяваліся над Сухумі і Цхінвалі. Тэхнічных праблем, каб далучыць да Расіі Абхазію і Паўднёвую Асецію, не бачна на чарнаморскіх гарызонтах нават праз моцную оптыку.
Мясцовае насельніцтва наўрад ці будзе супраць — хутчэй толькі «за», бо тыя ж паўднёвыя асеціны мараць аб уз’яднанні з паўночнымі. Эканоміка там і так скрозь прарасійская, уключаючы штогадовыя датацыі Масквы. У гісторыі шмат агульных старонак, а па-руску абхазы з асецінамі гавораць шпарка. Ну і мясціны цудоўныя, і тапонімы Гагры і Піцунда дагэтуль грэюць вуха сталых масквічоў і піцерцаў. Словам, ёсць дзе будаваць горад-сад на зайздрасць зацятым грузінам.
Але ж нешта не спяшаецца Крэмль запусціць працэс вяртання гэтых маляўнічых ландшафтаў у «родную гавань». Цікава, чаму? Баіцца санкцый за «анексію»? Не хоча дэстабілізаваць рэгіён, дзе спакой і так толькі сніцца? Ці проста імперскасць з расійскіх дзяржаўнікаў за апошнія гады выветрылася?

Расія не даціскае Украіну на Данбасе, дык які сэнс планаваць анексію ў Беларусі?

Ва Украіне напрыканцы восені б’юць трывогу: маўляў, расійскія войскі канцэнтруюцца блізу межаў у вялікай колькасці і яўна маюць на ўвазе не віншаванні суседзяў з надыходзячымі каляднымі святамі. Офіс Уладзіміра Зяленскага ўслых кажа пра магчымы напад, пра дзяржпераварот, пра пагрозу таксама і з боку беларускай мяжы. Захад спяшаецца дэкларатыўна дапамагчы ўкраінцам — абяцае зброю, вайсковы кансалтынг, усчыняе ў прэсе сіметрычную рыторыку і перасцерагае Пуціна ад неабачлівых рашэнняў.
Дзіўна: але калі б Расія сапраўды хацела насаліць Украіне, то, напэўна, пайшла б пратаптаным шляхам. То-бок праз Данбас, дзе ёсць усё для чарговай «маленькай пераможнай вайны». Ёсць і людскія рэсурсы, і інфраструктура, і досвед. А ў дадатак: ёсць і заўсёдная магчымасць тэхнічна з’ехаць з тэмы ў выпадку няўдачы — сказаць, што гэта зноў узбунтаваліся «камбайнёры» і «трактарысты», папярэдне набыўшыя форму ў найбліжэйшым ваенгандлі.
І вось зноў жа: не робіць гэтага Масква. А калі і кранае адпаведную праблематыку, то збольшага абыходзіцца наратывам пра неабходнасць выканання Мінскіх пагадненняў. Загадзя ведаючы, што гэтыя заклікі так заклікамі і застануцца. А сітуацыя вакол Данецка і Луганска працягвае тлець, то ўспыхваючы, то згасаючы — без аніякіх прыкмет блізкай эскалацыі.

Расія больш гаворыць, чым робіць, то таму і датычна Беларусі абмяжуецца рыторыкай?

Так выглядае ўся сутнасць сённяшніх геапалітычных паводзін самай вялікай (па плошчы) краіны свету. Больш казаць, менш дзейнічаць, аніяк не пераходзіць чырвоныя лініі — і гэта ўжо заўважана асобнымі назіральнікамі.
Увесну канцэнтрацыя расійскіх вайсковых фарміраванняў ужо фіксавалася каля мяжы з Украінай. Падняўся вэрхал, дзе-нідзе ўжо амаль акопы рылі, а пуцінскія часткі пастаялі-пастаялі — дый сышлі па сваіх гарнізонах.Калі здарылася абвастрэнне ў Карабаху, то Азербайджану дапамагала Турцыя, а Арменія так чакала дапамогі ад Расіі… Чакала, але не дачакалася. Крэмль падцягнуўся да спрэчных тэрыторый, калі стрэлы і выбухі там амаль адгрымелі. І паўдзельнічаў усяго толькі ў ролі арбітра, балазе было няцяжка — Арменія прайграла і не магла нічога дыктаваць.
І вось так жа яно ўсюды ў апошнія сем гадоў, пасля таго, як Расія забрала Крым. Калі не лічыць вайсковага ўдзелу ў кааліцыях на Блізкім Усходзе, то ад 2014-га нашы суседзі на практыцы зусім не ваяўнічыя. «Ядзерны пыл», «Іскандэры», «Можам паўтарыць» — гэтымі баявымі сентэнцыямі карыстаецца ўсё больш дзяржаўная прапаганда, якая за словам у кішэню не лезе. Армейскі ж досвед Расіі новымі аперацыямі, наступамі і манеўрамі зусім не прырастае. Хіба толькі вучэннямі, але дзе іх няма?

Дык што будзе з суверэнітэтам Беларусі?

А тое і будзе, што аніякія «зялёныя чалавечкі» ў Беларусь не прыйдуць. Тэарэтычна ў Крамлі, можа, і хацелі б далучыць Беларусь — нейкая фантомная настальгія на тое маецца, аднак практычна гэта спалучана з такімі сакрушальнымі выдаткамі і балючымі наступствамі, што наўрад ці такая ідэя ўвогуле існуе ў маскоўскіх планшэтах.
Дый, уласна, дзельца надта клопатнае. Рэферэндум правядзі — а беларусы, як паказвае сацыялогія, у Расію не імкнуцца. Ідэалагічны падмурак прыдумай — а казкі пра «адзіны народ» тут не пракоцяць. Нават проста нагоду намалюй віламі па вадзе — і тое не атрымаецца. Бо няма ні пераследу рускамоўных, ні ўвогуле нікога, каго б рускім тэрмінова захацелася прыйсці і «выратаваць».
Мірным шляхам тым болей паглынуць 9-мільённую краіну нельга. Як гэта сабе ўявіць? Лукашэнка прадасць Пуціну 200 тысяч квадратных кіламетраў, забярэ грошы і аддасць пячаць? Ці аб’яднанне адбудзецца праз так званую саюзную дзяржаву? Дык той дзяржаве ўжо больш за 20 гадоў, і пакуль прыйшлі толькі да «гарманізацыі» і «сінхранізацыі» ў прыкладных эканамічных сферах.
А галоўнае — самой Расіі гэта і задарма не трэба. Ужо калі да 2018 года, калі Пуціну трэба было тэрмінова «абнуліцца», Крэмль інтэграцыйную ідэю не юзаў — то цяпер ужо чаго біць у стары барабан? Нарывацца на санкцыі, якіх у расіян і так хапае? Не пусты гук, дарэчы, гэтыя рэстрыкцыі, улічваючы, што пуцінскае атачэнне (у адрозненне ад лукашэнкаўскага) менавіта на Захадзе трымае грошы, нерухомасць і бізнесы.
Так што марныя ўсе гэтыя страхі, як падаецца. Расія, канечне, няроўна дыхае ў беларускі бок, але паглынаць — гэта занадта фантастычна. Хутчэй Масква проста хоча мець і мацаваць свой уплыў на нашым «кавалачку зямлі», у ідэале — кантраляваць тут эканамічную і палітычную сітуацыю, валодаць нейкімі партыйнымі ці грамадскімі структурамі. То-бок усё тое, што расіяне спрабавалі рабіць на іншых постсавецкіх тэрыторыях — у Малдове ці Арменіі.
Гісторыя паказала, што і тых саюзнікаў, і іншых Расія паступова страціла. Беларусь засталася, бадай, апошнім — то таму і трымаюцца за нас суседзі крапчэй. Ну і хай пакуль трымаюцца, на суверэнітэт жа не пасягаюць.