«Давядзецца заплаціць высокую цану». Генсек NATO засцярог Расію ад нагнятання напружанасці
Канцэнтрацыя вялікай колькасці расійскіх войск каля межаў Украіны працягвае выклікаць на Захадзе асцярогі з нагоды магчымага ўварвання Расіі на тэрыторыю гэтай краіны, паведамляе «Свабода».

Генеральны сакратар NATO Енс Столтэнберг у пятніцу, 26 лістапада, на прэс-канферэнцыі ў Бруселі выступіў з перасцярогай у адрас Масквы. Звяртаючыся да расійскіх уладаў, Столтэнберг зноў абвінаваціў Расію ў тым, што яна сцягвае ў рэгіён каля межаў Украіны войскі і бранятэхніку.
Расія працягвае незаконную анексію Крыма, дэстабілізуе становішча на ўсходзе Украіны, сказаў Столтэнберг. Калі Расія не спыніць далейшае нагнятанне напружанасці, то ёй давядзецца заплаціць высокую цану, падкрэсліў генеральны сакратар NATO. Паводле яго, альянс працягвае дзяліцца з саюзнікамі разведвальнай інфармацыяй аб тым, як можа дзейнічаць Расія ў найбліжэйшы час.