Зяленскі заявіў аб падрыхтоўцы дзяржперавароту 1-2 снежня з удзелам РФ
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што валодае інфармацыяй аб падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту з удзелам Расіі. Пераварот запланаваны на 1—2 снежня, сказаў ён у пятніцу, 26 лістапада, у Кіеве падчас прэс-марафона "30 пытанняў прэзідэнту Украіны".
У падрыхтоўцы путчу ўдзельнічае асяроддзе алігарха Рыната Ахметава, пры гэтым бізнесмена "падстаўляюць", заявіў Зяленскі, спаслаўшыся на даныя спецслужбаў. "Я лічу, што гэта аперацыя, яго ўцягваюць у вайну супраць дзяржавы Украіны... Гэта будзе яго вялікая памылка, таму што нельга ваяваць супраць свайго народа, супраць прэзідэнта, які абраны народам Украіны", — дадаў Зяленскі і запрасіў алігарха ў свой офіс для гутаркі. Ён таксама адзначыў, што не верыць ва ўдзел Ахметава ў падрыхтоўцы дзяржперавароту і ў тое, што ён будзе здзейснены. "Бегчы з краіны не буду", — дадаў ён.
Зяленскі падкрэсліў, што Украіна гатова да абвастрэння канфлікту з Расіяй. "Я лічу, што такая верагоднасць можа быць кожны дзень, але лічу, што сёння адбываецца застрашванне. Адразу хачу сказаць, што з некалькіх пляцовак СМІ сапраўды ідзе вялікае застрашванне, што заўтра будзе вайна. Што мы павінны ведаць: мы поўнасцю кантралюем нашы межы і поўнасцю гатовы да любой эскалацыі", — заявіў ён.
Акрамя таго, Зяленскі заклікаў прэзідэнта РФ Пуціна публічна заявіць аб адсутнасці намеру поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. "Давайце гэта скажам публічна, што Расія не рыхтуе поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну", — адзначыў ён. Паводле слоў украінскага прэзідэнта, для зносін з Расіяй ён разглядае некалькі фарматаў, адзін з якіх — "нармандскі" (Украіна, Расія, Францыя, Германія). Ён чакае таксама вынікаў па Украіне ад сустрэчы прэзідэнта ЗША Джо Байдэна і прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.
Пяскоў: Расія ніколі не займаецца ўвогуле такімі справамі
У сваю чаргу прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў абверг сцвярджэнні Уладзіміра Зяленскага аб падрыхтоўцы дзяржперавароту ва Украіне з удзелам Расіі. "У Расіі не было ніякіх планаў прымаць удзел. І Расія ніколі не займаецца ўвогуле такімі справамі", — заявіў Пяскоў у адказ на просьбу журналістаў пракаментаваць словы ўкраінскага прэзідэнта.
Экс-кіраўнік ГУР і аперацыя па "вагнераўцах"
Адначасова Уладзімір Зяленскі паведаміў, што экс-кіраўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі (ГУР) Мінабароны Васіль Бурба раней знаходзіўся на службе ў СБУ і падчас разгону Еўрамайдана кіраваў блакаваннем транспарту. "Я яго хацеў звольніць, калі прыйшоў. Але яго вырашыў захаваць Пётр Парашэнка", — указаў украінскі прэзідэнт. Паводле яго слоў, Бурба таксама зарабляў на продажы інфармацыі, аб чым было вядома разведслужбам.
У прыватнасці, экс-кіраўнік ГУР апублікаваў сакрэтную інфармацыю ў сувязі з аперацыяй па затрыманні баевікоў ПВК Вагнера. "Я лічу, што гэта распаўсюджванне сакрэтнай інфармацыі. Гэта парушэнне заканадаўства", — адзначыў Зяленскі.
Паведамленні аб канцэнтрацыі расийскіх войскаў паблізу Украіны
З канца кастрычніка ў заходніх СМІ сталі з'яўляцца паведамленні аб нарошчванні Расіі вайсковай сілы ўздоўж межаў Украіны. Апошні раз аналагічнае адбывалася вясной 2021 года і таксама выклікала сур'ёзную заклапочанасць у свеце. Але калі падзеі вясной былі расцэнены як дэманстрацыя сілы, то цяперашняя сітуацыя можа быць падрыхтоўкай да фактычнага ўварвання ў Данбас на ўсходзе Украіны, лічаць спецслужбы ЗША.
Па даных начальніка Галоўнага ўпраўлення разведкі (ГУР) Мінабароны Украіны Кірыла Буданава, Расія сканцэнтравала каля межаў Украіны больш за 92 тыс. вайскоўцаў, і рыхтуецца да нападу, яки можа адбыцца ў канцы студзеня — пачатку лютага 2022 года. Аналітыкі з расследавацкай групы Conflict Intelligence Team (CIT) выявілі ў сацсетках фотаздымкі і відэазапісы, якія, на іх думку, сведчаць аб перамяшчэнні расійскіх войскаў і ваеннай тэхнікі ў рэгіёны, якія мяжуюць з Украінай. Так, эксперты сцвярджалі, што маюць месца перакідка новай тэхнікі ў Варонежскай вобласці, а таксама перамяшчэнне эшалонаў з Стаўраполля ў бок анексаванага Расіяй Крыма.
Масква адмаўляе ўсе абвінавачанні ў падрыхтоўцы нападу на Украіну і, наадварот, паказвае на большую актыўнасць НАТА каля расийскіх межаў.
Паводле dw.com