Антырасійскі Майдан
Майдан пачынаўся не з нянавісці, ён пачынаўся з мары жыць па-людску. «Мара ў прынцыпе някепская», — як сказаў Пуцін у адной з сваіх першых рэмарак па тэме, скрывіўшы вусны.
Два гады таму, 18 лютага 2014 года, былы прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч з тагачасным кіраўніцтвам СБУ і МУС прынялі рашэнне аб пачатку так званай «Антытэрарыстычнай
аперацыі» для сілавога разгону Майдана. Пасля жорсткіх сутычак на працягу дня ва ўрадавым квартале вечарам пачаўся ваенізаваны штурм асноўнага лагеру пратэстоўцаў. Барыкады, БТРы і дом
прафсаюзаў у полымі, бесперапынныя выбухі рознакаляровых феерверкаў, ляскат і грукат, крыкі болю і спевы гімна...
Наперадзе чакалі тры самых страшных дні Рэвалюцыі Годнасці. Яны аказаліся настолькі крывавымі, што ўжо тады можна было казаць пра вельмі вялікую цану, якую давялося заплаціць украінцам за сваю
мару.
Украінцы хабару не бяруць!
Нядобразычліўцы казалі, што гэтай марай, наіўнай і ганебнай, была «халява». Спакусілі, маўляў,
украінцаў прывідам лёгкага еўрапейскага перніка.
Калі б тое сапраўды было так, рэвалюцыя рассмакталася б пасля таго, як Януковіч атрымаў пуцінскую прэмію ў выглядзе 15 мільярдаў долараў і зніжкі на газ за правал асацыяцыі з ЕС. Грэшным чынам,
я быў тады амаль упэўнены, што гэты шчодры хабар спыніць пратэсты. Пагатоў, Еўропа адмовілася ўдзельнічаць у аўкцыёне, які прапаноўвалі тагачасныя ўкраінскія ўлады, і не запрапанавала большай сумы.
Украінцы не купіліся. Ні ад каго на Майдане я не чуў, каб абмяркоўвалі тыя мільярды, многа гэта ці мала, браць ці не браць, хто б даў болей. Бо шукалі, як выявілася, зусім не
«халявы».
Магчыма, лепей бы ўзялі 15 мільярдаў? Жылі б сабе ціха-мірна, без сонму мёртвых герояў, з сваім Крымам і без крывавай раны Данбасу, няхай бедна, але стабільна. У сям'і, можна сказаць,
брацкіх народаў.
Наогул, дзіўна, што ўкраінцы іх не ўзялі. Бо гэта нармальнае абывацельскае жаданне — жыць тут і цяпер, а не калі-небудзь потым. Без усіх вось гэтых узрушэнняў і хваляванняў, ад якіх
адзін толькі беспарадак. Карыстацца тым, што даюць, прыстасоўвацца.
Яны ж не звышчалавекі якія-небудзь, каб станавіцца на цярністы шлях, які яшчэ невядома куды прывядзе. Зусім не, у большасці сваёй такія самыя абывацелі, як і мы. І чаго толькі на ражон
палезлі?
Ад мары да бунту
Магчыма, справа ў нянавісці да цяперашняга, якую ўкраінскі публіцыст, луганчанін Аляксандр Валадарскі лічыць асноўнай прычынай любога бунту:
«Бунт нараджаецца з нянавісці і адчаю, а не з высакароднага жадання «зрабіць свет лепш». Бунт нараджаецца не з любові да будучыні, а праз нянавісць да цяперашняга.
Ён нараджаецца з разумення, што цмока забіць трэба не дзеля дабрабыту яго падданых, а проста дзеля таго, каб цмок памёр».
Майдан пачынаўся не з нянавісці, ён пачынаўся з мары жыць па-людску. «Мара ў прынцыпе някепская», — як сказаў Пуцін у адной з сваіх першых рэмарак па тэме, скрывіўшы
вусны. Для ўкраінцаў гэтая мара ўключае ў сябе адсутнасць дыктатуры — не ўмеюць яны расслабіцца і атрымліваць задавальненне, калі іх гвалцяць. Але скончыўся Майдан сапраўды лютай нянавісцю і
гвалтам.
Менавіта гэтым выбухам гвалту расіяне тлумачылі неабходнасць «вярнуць Крым у родную гавань», на яго спісвалі «грамадзянскую вайну на
Данбасе». Нават многія найразумнейшыя з іх, зусім не мацёрыя пуціністы, так лічаць. Што немагчыма было іначай, бо яны мусілі выратаваць крымчанаў ад лёсу судзецкіх немцаў. Вайна ж на Данбасе
заканамерна пачалася праз тое, што мясцовае насельніцтва паставілі перад фактам кардынальных зменаў у краіне, непажаданых для іх, не улічылі яго меркавання. То бок у першым выпадку адбыўся трыумф
гуманізму, у другім — дэмакратыі.
Гэта хітрыкі або самападман. Нават калі гвалтоўныя пратэсты на Майдане лічыць каталізатарам наступных падзеяў, справа да іх дайшла праз дзеянні Расіі, а значыць яна сама сябе справакавала і
змусіла да агрэсіі супраць Украіны.
Свабодны выбар супраць прымусу
Я не магу з пэўнасцю сцвярджаць, што ў падаўленні пратэстаў прымалі ўдзел байцы або інструктары расійскіх спецслужбаў. Не ведаю, ці кіравалі дзеяннямі тагачаснай украінскай улады з Крамлю ў
тэлефонным рэжыме. Гаворка толькі пра адкрытую расійскую палітыку ў дачыненні да Украіны.
Хто, як не Расія, падсадзіў у прэзідэнцкае крэсла Януковіча, постаць канфліктную і адыёзную? Чалавека з крымінальным мінулым, неразумнага і нягнуткага. Палітыка, які заігрываў з сепаратызмам і
шантажаваў расколам краіны, а галоўнае — меў дыктатарскія замашкі. Зрэшты, калі першапачатковай мэтай Расіі быў бунт, які б пацягнуў за сабой раскол, выбар амаль
ідэальны.
Цяжка было ўявіць, што з такім наборам характарыстык Януковіч зможа стаць аб'яднаўчай фігурай. Аднак ён ледзьве ёй не стаў, калі раптоўна ўзяў курс на еўраінтэграцыю. Гэты курс падтрымала
большая частка ўкраінцаў. (Так, не аднолькава ў розных рэгіёнах, але пазней нават Еўрамайдан на Поўдні і на Усходзе падтрымлівалі 20% і 30% насельніцтва, лічба вельмі сур'ёзная.) І што зрабіла
Расія, улічыла меркаванне «брацкага народу»? Не, яна развязала гандлёвую вайну. Пачала выломліваць рукі і пагражаць, на што Януковіч нават скардзіўся Меркель у нефармальнай
размове.
У чым палягала галоўная розніца паміж асацыяцыяй з ЕС і ўступленнем у Мытны саюз? У тым, што выбар першай быў свабодным, да яго ніхто не прымушаў, яго рабілі таму, што ён проста выглядаў больш
прываблівым і перспектыўным.
Вырвацца з лапаў цмока
Няздольная быць прываблівай, Расія бярэ сілай. Калі ж падманутыя ў сваіх надзеях украінцы выходзяць пратэставаць, расійскае тэлебачанне штодзённа пра іх хлусіць у істэрычнай танальнасці, мяшае
іх з брудам, прымалёўвае ім рогі і хвасты. А неразумны і нягнуткі расійскі стаўленік, загнаны ў кут, пачынае рабіць памылку за памылкай, усё вышэй падымаючы градус раздражнення і нянавісці. Тым часам
Расія тлумачыць тое, што адбываецца, як кінуты ёй выклік, антырасійскую правакацыю, неабвешчаную вайну, замах на яе законную вотчыну.
Так, у рэшце рэшт Майдан стаў антырасійскім. Толькі зусім не ў сэнсе этнічнай непрыязнасці. Проста многім украінцам стала некамфортна ў лапах цмока, які лічыць, што яны належаць яму па
праву і ён лепш ведае, які выбар яны маюць зрабіць.
Не тое каб мы таго не ведалі раней, але цяпер стала ясна з усёй відавочнасцю, што такое інтэгратарская палітыка ў расійскім выкананні — гэта падпарадкаванне і прымус.
Ну і што, скажуць нам яны, часам трэба падпарадкавацца, гэта прыкмета даросласці — уменне падпарадкоўвацца, для вашай карысці стараемся, мы ж вас выратаваць хочам! Ад чаго? Ды ад усёй
гэтай еўрабрыдоты. І ўвогуле, гэта так дробна, так нізка — шукаць лепшага жыцця, мяняючы на яго братэрства, славянскі саюз!
Дарэчы, варта звярнуць увагу, што Расія, якая вельмі часта вінаваціць суседзяў у этнацэнтрычнасці, калі яны спрабуюць саскочыць з яе арбіты, прапануе ў якасці нібыта прагрэсіўнай ідэю
«братэрства», замяшанага менавіта на этнічнасці. Плюс іерархію, плюс сацыяльны кансерватызм, плюс мары пра светлае ўчора.
Што ў выніку атрымліваецца? Класічны набор мацёрага нацыяліста, нават з фашысцкім прысмакам. І гэтыя людзі забаранялі ўкраінцам крычаць «хто не скача, той маскаль!».
Тэст на прыналежнасць да «рускага свету»
І ўсё-ткі праславуты «рускі свет» не вычэрпваецца пералічанымі вышэй характарыстыкамі. Ёсць у ім адна вельмі своеасаблівая і важная разыначка — прынцыповае непрыманне
наладжвання і добраўпарадкавання жыцця. Нейкая ірацыянальная любоў да існавання ў рэжыме катастрофы.
У Крыму гэтая цяга не так ярка была выяўлена, там збольшага марылі якраз пра халяву (светлае ўчора і бацюшку-цара), на Данбасе ж я часта сутыкаўся менавіта з гэтай глыбіннай уласцівасцю
«рускага свету». Яго данбаскіх прыхільнікаў часцяком цікавілі не столькі магчымыя пазітыўныя змены ў жыцці са зменай дзяржаўнага статусу, колькі надта свярбела нешта такое
падсвядомае: «Хай яно ўсё ляснецца!»
Каб было лепей зразумела, што гэта за свярбячка такая дзіўная, працытую, на мой погляд, самага рускага аўтара. Ён не проста пранік у «глыбіні рускай душы», ён сам бачыць і
адчувае свет вельмі па-руску. Калі яго словы здадуцца вам нейкім трызненнем або кепікамі, а гэта зусім не кепікі, значыць вам не ў «рускі свет», зварочвайце на іншую дарогу.
Вось, Леў Пірагоў, урывак з артыкулу «Руская вясна — 2» :
«Два гады таму, калі пасля Крыму стала ясна, што свет нарэшце пакаціўся ў абдымкі Халоднай вайны, запомнілася пачуццё прахалоднай, трохі зябкай, яна халадзіла калені, але
надзіва прыемнай свабоды. Вясновай лёгкасці.
Вось і цяпер: пакуль нафта павольна і ліпка спаўзала ўніз, а ўрадавыя чыноўнікі тужліва бляялі, як яна вось-вось «адскочыць», пакуль усё гэта адбывалася, была туга, была
трывога... Цяпер, калі нафта, нарэшце, рашуча абвалілася, з душы быццам камень зваліўся. Госпадзе, як добра ня мець!.. Зноў адчуваеш сябе маладым, свабодным і гатовым да разнастайных
здзяйсненняў.
Ці станем мы ад гэтага лепей жыць? Божа барані. А навошта? Руская вясна не для гэтага. Хто стаў лепей жыць пасля таго разу — данбасцы? Мы, расіяне? А лепей, тым не менш, стала. Не
«жыць» — проста лепей. Наогул».
Каб стала яшчэ больш зразумела ці, наадварот, канчаткова заблыталася, згадаю тэкст таго самага аўтара «Дэзерціры вечнасці». У ім ён крытыкаваў тых рускіх нацыяналістаў, якія
«хацелі бачыць рускі народ такім дзябёлым швейцарцам — рацыянальным, ашчадным, які ахоўвае сваю выгаду, эмацыйна шчасным, «пазітыўным»,
заможным...».
Гэта ўсё не тое! Брыдка і чужа рускаму чалавеку.
«Мы ж не выпадкова такія — нас жа паміраць тут пакінулі. Праваслаўе — не фарпост праўдзівай веры і не аплот нават, а хутчэй атрад
прыкрыцця. Астатнія (хто астатнія? ну няхай продкі) сплылі за акіян, а нам тут памерці наканавана, каб гэтыя не дагналі, не патапілі тых. Мы смяротнікі. Але вось
з'яўляюцца «ідэолагі адраджэння». Кажуць: а што гэта мы тут толькі гарэлку і мухаморы жарэм і цела ў нас бычынай крывёю намазана? Давайце-тка пасеем лянок, радыску, зарадзім
квас...»
Магчыма, цяпер вы зразумееце, адкуль растуць ногі ў здзеклівых водгукаў ад расіянаў пра майданаўскія «гарбату і канапкі» ды гародзікі з кветнікамі, якія тут насадзілі былі
пасля заканчэння баёў. Ну, а таксама іхную напышлівую пагарду да жадання жыць па-людску, па еўрастандартам.
Вядома, яны могуць паглуміцца над украінцамі: ну што, маўляў, зажылі? Ды не, не зажылі. У іх свая спецыфічная праблема — занадта шырокая вольніца, якой на сваю карысць карыстаюцца
людзі, адказныя за падтрыманне і развіццё дзяржавы. Не зашкодзіла б звузіць.
Але ўкраінцы ўсё яшчэ хочуць. І пакуль яны таго хочуць, з «рускім светам» ім не па дарозе.