Апазіцыя рыхтуе Маршы салідарнасці па ўсёй краіне
Пра гэта абвешчана на прэс-канферэнцыі аргкамітэта па правядзенні 1 мая Маршу салідарнасці ў падтрымку ўсіх рэпрэсаваных, які пройдзе ў Мінску.

Акцыя пратэсту 15 сакавіка 2017 года
Маршы салідарнасці ў рэгіёнах стануць працягам працы, якую распачалі прадстаўнікі дэмакратычнага руху з пачатку гэтага года, кажа старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька:
— Для нас гэта — працяг Маршаў недармаедаў, якія адбыліся ў лютым і сакавіку. Больш за тое, на гэтым мы не спыняемся, бо адно з пасланняў: трэба мяняць эканамічны курс і сацыяльную палітыку. Гэта наша агульнае патрабаванне — і правых, і левых, якія ўваходзяць у аргкамітэт. І пасля 1 мая будуць праведзены новыя акцыі, мы будзем падаваць заяўкі.
Заяўкі на правядзенне 1 мая Маршаў салідарнасці ўжо пададзены ў Магілёве і Гомелі. На Маршах салідарнасці будуць вылучаны патрабаванні спынення рэпрэсій і вызвалення затрыманых, скасавання дэкрэту аб дармаедах, выбар новага эканамічнага курсу і справядлівыя выбары.