Балгарыя ўвяла рэжым надзвычайнай сітуацыі на мяжы з Турцыяй

Балгарыя зараз перажывае свой «міграцыйны крызіс». Праз павышаную колькасць нелегальных мігрантаў, якія штурмуюць мяжу з турэцкага боку, улады краіны ўвялі ў памежнай зоне рэжым НС.

f3b0b19381fb87e964fb85481a75224b.jpg


Кіраўнік Хаскаўскай вобласці Мінко Ангелаў заявіў, што рэжым надзвычайнай сітуацыі будзе дзейнічаць у двух абшчынах побач з турэцкай мяжой з 23 па 29 верасня. Такі крок выкліканы наплывам нелегальных мігрантаў, якія перасякаюць мяжу праз плот з калючым дротам, які ўзведзены па ўсім 200-кіламетровым перыметры турэцка-балгарскай мяжы, паведамляе тэлеканал «Euronews».
«Часцей за ўсё яны перасякаюць нашу мяжу, выкарыстоўваючы лесвіцы, каб пералезці праз агароджу. Зараз мы робім усё магчымае, і не толькі мы. Турэцкі бок аказвае нам актыўную дапамогу. Мы правялі сустрэчы з міністрамі ўнутраных спраў Турцыі і Грэцыі, і зараз можам лепш каардынаваць працу нашых краін, памежныя службы ўсіх краін змогуць больш эфектыўна дапамагаць адна адной, і мы можам стрымліваць большую колькасць мігрантаў, якія сабраліся перасячы мяжу», — гаворыць в.а. міністра ўнутраных спраў Балгарыі Іван Дэмерджыеў.
Паводле даных балгарскага МУС, з пачатку года ў краіну спрабавалі прарвацца каля 104 тысяч чалавек. Гэта ў 3,5 разы болей, чым за ўвесь 2021 год.
Турэцкі бок сітуацыю не каментуе. Але яшчэ ў 2020 годзе прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаганпагражаў Еўрасаюзу бежанцамі з Сірыі, для якіх Турцыя стала буфернай зонай. Адкуль бягуць цяперашнія бежанцы, не ўдакладняецца. Цалкам верагодна, што цяперашні памежны крызіс справакаваны расійскімі «турыстамі».
Нагадаем, праблема з нелегальнымі мігрантамі дагэтуль існуе і на мяжы Беларусі з ЕС. У 2021 годзе рэжым Лукашэнкі шантажаваў Еўропу міграцыйным крызісам: тады з боку Беларусі мяжу «штурмавалі» бежанцы з Ірака, Ірана, Емена, Афганістана і іншых краін.


Праз тое, што ЕС не збіраўся паддавацца на шантаж і пускаць нелегальных мігрантаў на сваю тэрыторыю, беларускія ўлады вымушаныя былі арганізоўваць лагер для бежанцаў на памежным пункце «Брузгі». Літва і Польшча пабудавалі на мяжы з Беларуссю плот, абнесены калючым дротам.