Расследаванне знікнення Захаранкі, Ганчара і Красоўскага прыпынена
Паведамленне аб прыпыненні папярэдняга расследавання атрымалі сваякі зніклых палітыкаў Ірына Красоўская, Зінаіда Ганчар і давераная асоба сям’і Захаранкі Алег Волчак.
«Такім чынам дзяржава перастае шукаць зніклых больш за 19 гадоў таму апанентаў улады, усталёўваць вінаватых у гэтых знікненнях і выключае ўсе магчымасці іх пакарання. Менавіта таму застаецца прыпыненай з 2006 года справа Дзмітрыя Завадскага», — каментуе рашэнне Следчага Камітэта Рэспублікі Беларусь Раіса Міхайлоўская, кіраўнік Беларускага дакументацыйнага цэнтра.
— Відавочна, што пайсці на такі крок падштурхнулі ўладу і дзеянні праваабаронцаў, сталая прысутнасць у праваабарончай позве гэтай тэмы. Нагадаю, што ў кастрычніку мінулага года Рэспубліка Беларусь атрымала рэкамендацыі Камітэта па правах чалавека ААН крыміналізаваць ў нацыянальным заканадаўстве гвалтоўныя знікненні. Вельмі блякла выглядалі прадстаўнікі дзяржавы, адказваючы, што адбываецца з расследаваннем такіх спраў. Можна сказаць, змяшалі «боб з гарохам», выпутываючыся з сітуацыі — няма ў заканадаўстве такога паняцця, няма і знікненняў. Безумоўна, дзеянні следчага Вараўка будуць абскарджаны сваякамі і даверанымі асобамі. Дзяржаве не атрымаецца так проста закрыць гэтую тэму.
Алег Волчак, кіраўнік праваабарончага цэнтра «Прававая дапамога насельніцтву», давераная асоба сям’і Ю.Захаранкі:
— Фактычна следчыя органы спынілі афіцыйнае расследаванне справы. Следчы Вараўка сцвярджае, што будуць прымаць меры па ўсталяванні вінаватых асоб у выкраданні Юрыя Захаранкі, але на самой справе гэта азначае, што справу спісваюць у архіў. Упэўнены, што ніхто ўжо не будзе аднаўляць папярэдняе следства, паколькі і так расследавалі каля 20 гадоў. Як у сітуацыі са справай зніклага журналіста Дзмітрыя Завадскага, калі яго справа была прыпыненая досыць даўно, але ні разу не аднаўлялася.
Нягледзячы на тое, што рашэнне следчага Вараўка можна абскардзіць вышэйстаячаму пракурору, каб гэта зрабіць, неабходна азнаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы. Гэта будзе зрабіць цяжка, бо, згодна з следчай практыцы, знаёміцца з матэрыяламі можна толькі, калі справа накіраваная ў суд або спынена, а пакуль яна прыпынена, знаёміцца з ім немагчыма. Такія спробы ў мяне былі ў 2003 годзе, калі на тры месяцы папярэдняе следства было прыпынена, але следчы Чумачэнка адмовіў у гэтым праве. Мы абскардзілі яго рашэнне вышэйстаячым пракурорам, але адказ быў адмоўны.
Можна сказаць, што следства завершана, і вінаватыя не будуць пакараныя ў выкраданні не толькі Юрыя Захаранкі, але і Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага.
Вядома, справы зніклых будуць у абмеркаванні з афіцыйным Мінскам у дыялогу з прадстаўнікамі ЗША, ЕС па пытаннях аб правах чалавека ў Беларусі, паколькі санкцыі з падазраваных у выкраданні беларускіх лідэраў апазіцыі не знятыя.
Паводле bydc.info