Суд над галоўнай рэдактаркай TUT.BY Марынай Золатавай пачнецца 12 лютага
Справу галоўнага рэдактара будзе разглядаць суд Заводскага раёна Мінска, працэс будзе весці суддзя Аляксандр Петраш.

Дзмітрый Брушко, TUT.BY
Працэс над галоўным рэдактарам TUT.BY Марынай Золатавай пачнецца 12 лютага. Упершыню ў гісторыі сучаснай Беларусі будуць судзіць галоўнага рэдактара СМІ па абвінавачванні ў злачынстве, звязаным з прафесійнай дзейнасцю. Справу будзе разглядаць суд Заводскага раёна Мінска. Аднак, хутчэй за ўсё, працэс пройдзе ў будынку суда Маскоўскага раёна Мінска, дзе ёсць памяшканні прасторней, паведамляла раней у фэйсбуку афіцыйны прадстаўнік Вярхоўнага суда Юлія Ляскава.
Нагадаем, Марына Золатава засталася адзінай абвінавачванай па «справе БЕЛТА», астатнія фігуранты — 14 супрацоўнікаў розных СМІ — былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў журналісты былі абавязаны кампенсаваць прад'яўленую шкоду. Сумы розныя — ад 3 да 17 тысяч рублёў.
Галоўрэда TUT.BY абвінавачваюць па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (бяздзейнасць службовай асобы), санкцыя артыкулу — ад штрафу і да 5 гадоў пазбаўлення волі.
Першапачаткова Марына Золатава таксама падазравалася па ч. 2 арт. 349 (несанкцыянаваны доступ да камп'ютарнай інфармацыі) КК Беларусі. Менавіта па гэтым артыкуле былі абвінавачаныя астатнія фігуранты справы. З усіх падазраваных Золатава — адзіная, як высветліла следства, хто не ажыццяўляў доступ да платных матэрыялаў БЕЛТА. Крымінальны пераслед па гэтым артыкуле ў дачыненні да Марыны Золатавай быў спынены «ў сувязі з нездзяйсненнем злачынства».
СК двойчы адмовіў Золатавай ў задавальненні хадайніцтва аб спыненні крымінальнага пераследу паводле 86-га артыкула Крымінальнага кодэкса.
Нагадаем, 7 жніўня ў офісах кампаній TUT.BY і БелаПАН прайшлі ператрусы і затрыманні. Былі затрыманыя галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, рэдактары партала Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ермачонак, галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародны аглядальнік інфармагенцтва Таццяна Каравянкова, уласкар «Нямецкай хвалі» Павел Быкоўскі і рэдактар інтэрнэт-сайту газеты «Беларусы і рынак» Аляксей Жукаў. Усе яны правялі па некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання на Акрэсціна. Журналістаў і рэдакцыі падтрымалі Еўрасаюз, Савет Еўропы, ЗША, а таксама міжнародныя праваабарончыя арганізацыі.
tut.by