Жыхарку Брэсцкага раёна аштрафавалі за снегавіка

Суд у Брэсце вынес рашэнне па справе аб снегавіку каля акумулятарнага завода: жыхарка Брэсцкага раёна Юлія Нічыпарук прызнана вінаватай у пікетаванні.

2sud_30012019_seleh_bg.jpg

У судзе Брэсцкага раёна 30 студзеня адбыўся разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненні да жыхаркі Брэсцкага раёна Юліі Нічыпарук. Падставай для прыцягнення жанчыны да адміністрацыйнай адказнасці па частцы 1 артыкула 23.34 КаАП «Парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў» стаў снегавік, якога 5 студзеня каля будпляцоўкі акумулятарнага завода зляпілі яе маленькія дзеці і на якім былі размешчаны стыкеры і ўлётка з надпісамі супраць завода.
У судзе Юлія Нічыпарук патлумачыла, што ў той дзень з сям'ёй прыехала да заводу, каб паглядзець на будоўлю. Па словах жанчыны, яе дом знаходзіцца ў двух кіламетрах ад прадпрыемства і яе сям'я перыядычна прыязджае да заводу паглядзець, як ідзе яго будаўніцтва, так як лічыць, што ён нясе небяспеку.
«Дзеці папрасілі ўпрыгожыць снегавіка. Мы знайшлі ў машыне канструктар, з дэталяў якога зрабілі вочы і нос, і ўлётку са стыкерамі, з якіх зрабілі «вядро» і ўпрыгожванне на сярэдні круг», — патлумачыла Юлія Нічыпарук.

cof

cof

На пытанне суддзі, адкуль у яе машыне ўзяліся ўлётка і стыкеры, жанчына выказала здагадку, што яны з'явіліся пасля дазволенага мітынгу супраць завода.
Сваю віну ў пікетаванні жыхарка Брэсцкага раёна не прызнала.
Выслухаўшы тлумачэнні Юліі Нічыпарук і сведкі Аляксандра Кабанава, вывучыўшы пісьмовыя матэрыялы справы, суддзя Сяргей Маручак прызнаў жанчыну вінаватай і прызначыў пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры 1 базавай велічыні (25,5 рублёў).

sud_30012019_seleh_bg.jpg

b-g.by