1530 рублёў штрафу на дваіх — за відэасюжэт пра гісторыю

Гродзенскіх журналістаў чарговым разам аштрафавалі за супрацу з «Белсатам». Нагодай стаў сюжэт пра гісторыю і турыстычны патэнцыял старых гарадскіх падвалаў.

img_7662_1_logo.jpg

Суд Ленінскага раёну Гродна сёння вынес пастанову ў дачыненні Алеся Кіркевіча і Алеся Дзянісава. Журналістам інкрымінавалі арт. 22.9 (“незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”). Паколькі “Белсат” не мае адмысловае акрэдытацыі пры беларускім МЗС, такія працэсы апошнімі гадамі сталі ўжо будзёнасцю.

У якасці сведкаў выступілі супрацоўнік Гродзенскага археалагічнага музея Іван Лялевіч і журналіст ды краязнаўца Руслан Кулевіч. Абодва фігуруюць у сюжэце, яны распавядаюць цікавосткі пра сутарэнні ў старым горадзе XVII–XIX стагоддзяў. Даючы сведчанні, Лялевіч папрасіў суддзю — Руслана Гурына — звяртацца да яго па-беларуску, але той зрабіў выгляд, не разумее, чаго ад яго хочуць і праігнараваў просьбу. Кулевіч сказаў, што не памятае, дзе і каму нешта распавядаў пра падвалы, бо штодня камунікуе з велізарнай колькасцю людзей.

Яшчэ адзін сведка ў суд так і не з’явіўся. Гэта супрацоўнік МУС Максім Кашкевіч, які трапіў у лік сведкаў толькі таму, што нібыта глядзеў тэлевізар і натрапіў на “забаронены” сюжэт. Прынамсі, так патлумачылі ягоныя калегі.

Вынікам суда стала рашэнне Гурына: прысудзіць Кіркевічу і Дзянісаву штрафы па 30 базавых (765 рублёў) на кожнага. Журналісты з рашэннем суда нязгодныя і збіраюцца яго аспрэчваць.