Генадзь Фядыніч: Як і ў маім выпадку, будзе абвінаваўчы прысуд

Лідар прафсаюза РЭП і нядаўні фігурант «справы прафсаюзаў» Генадзь Фядыніч распавёў сайту palitviazni.info пра «справу БЕЛТА» і сваю «дамашнюю хімію».

Марына Золатава. Фота Socialweekendbelarus/ Facebook

Марына Золатава. Фота Socialweekendbelarus/ Facebook

“Улады, відаць, не могуць зразумець, што з незалежнымі СМІ трэба супрацоўнічаць, а не прэсаваць іх, — адзначае Фядыніч. — Асабліва сёння, калі для незалежнасці краіны ёсць пэўныя пагрозы, і нават Лукашэнка заклапаціўся пра інфармацыйную бяспеку”.

Нагадаем, што судовы працэс над галоўным рэдактарам Tut.by Марынай Золатавай пачнецца 12 лютага ў судзе Заводскага раёна (пачатак у 10.00).

Марына Золатава засталася адзінай абвінавачванай па «справе БелТА», астатнія фігуранты — 14 супрацоўнікаў розных СМІ — былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Акрамя штрафаў журналісты былі абавязаны кампенсаваць прад’яўленую шкоду. Сумы розныя — ад 3 да 17 тысяч рублёў, інфармуе TUT.BY.

Галоўнага рэдактара партала абвінавачваюць па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (Бяздзейнасць службовай асобы), санкцыя артыкула — ад штрафу і да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Генадзь Фядыніч. Фота palitviazni.info

Генадзь Фядыніч. Фота palitviazni.info

“Я лічу, што крымінальная справа ўвогуле не тычыцца Золатавай, але праз яе ідзе ціск на кіраўніцтва партала, — кажа Генадзь Фядыніч. — Варыянты далейшага развіцця падзей самыя розныя: ад “дамашняй хіміі” для Марыны Золатавай да вызвалення ад крымінальнай адказнасці. Хаця, калі ўжо справа перададзена ў суд, а не спынена на ранейшых стадыях, то найбольш верагодна, што абвінаваўчы прысуд будзе ў любым выпадку. Як і ў маім выпадку”.

На думку Фядыніча, распачатая крымінальная “справа БЕЛТА” — гэта “абсалютна неразумнае рашэнне”.

“Улады, відаць, не могуць зразумець, што з незалежнымі СМІ трэба супрацоўнічаць, а не прэсаваць іх, — адзначае Фядыніч. — Асабліва сёння, калі для незалежнасці краіны ёсць пэўныя пагрозы, і нават Лукашэнка заклапаціўся пра інфармацыйную бяспеку. Пасля падзей ва Украіне, калі ўсе ўбачылі, як дзейнічала і дзейнічае расійская прапаганда, і насамрэч ёсць пра што задумацца. Дык навошта сваімі рукамі душыць незалежныя СМІ? Для ўлады гэта можа кепска закончыцца”.

Сам прафсаюзны лідар ужо каля месяца знаходзіцца на рэжыме “дамашняй хіміі”.

“За гэты час міліцыя двойчы прыходзіла дадому, каб праверыць, ці не парушаю я рэжым адбыцця пакарання, — кажа ён. — Адзін раз у выхадны дзень наведаліся, другі — у працоўны, у 19.12. Напэўна, адмыслова такі час выбралі, бо ў 19.00 я ўжо павінен быць дома.

Увогуле, зараз я буду змагацца за свае правы ў плане правіл адбыцця пакарання на “дамашняй хіміі”. Мне, напрыклад, дазволена хадзіць па магазінах і ўрачах толькі з 12.00 да 14.00. Лічу, што гэта парушае мае правы. Чаму замест працоўнага перапынку на абед я павінен займацца нейкімі асабістымі справамі? Буду ўсё гэта абскарджваць”.