Ці хоча Крэмль вайны? Ці прадасць Расія ўзбраенні Лукашэнку? Адказвае Арцём Шрайбман
Магчымасць верагоднай вайны ў рэгіёне застаецца адной з самых актуальных і трывожных тэм на парадку дня. Але ў Расіі ўсё яшчэ ёсць магчымасць «адкаціць» назад патэнцыйную пагрозу вайсковага ўварвання ва Украіну. Такое меркаванне мае палітычны аналітык Арцём Шрайбман, якога цытуе «Салідарнасць».
— Так, гэта будзе іміджавы ўдар, але трэба параўнаць яго з
рызыкамі і коштам уварвання. Калі знішчыць прыфрантавыя ўкраінскія ваенныя
групоўкі, што зменіцца? Украіна стане яшчэ больш антырасійскай, санкцыі супраць
Расіі ўзмоцняцца, а сама яна не даможацца нічога са сваіх задач, толькі выкліча
яшчэ большы гнеў.
Адзіная аперацыя, якая мела б эфект — поўнамаштабнае ўварванне
і «перафарматаванне» Украіны, дыктоўка ёй умоў ужо з пазіцый акупанта.
Але гэта палітычна нашмат больш затратна для Пуціна, чым прапагандысцкая «ўпакоўка» тлумачэнняў, чаму «мы адступаем». Таму я схіляўся б да таго,
што вайны, хутчэй, не будзе, і што гэта шматступенны, прадуманы блеф, як у
добрага гульца ў покер — на ўсю катушку.
Верагоднасць вайны я ацэньваю ніжэй за 50%. Але, паўтаруся,
гэта маё меркаванне. Прыходзяць новыя уводныя, і гэтая верагоднасць можа
мяняцца ў любы бок.
Як на фоне ўзмацнення агрэсіўнай антызаходняй рыторыкі з
боку расійскага і беларускага кіраўнікоў расцэньваць словы Лукашэнкі аб тым, што
Беларусь плануе закупляць сучасныя ўзоры ўзбраення, якія перакінутыя на нашу
тэрыторыю ў рамках вайсковых вучэнняў, каб беларускія вайскоўцы «памацалі» іх?
— Беларуская дзяржава за апошні год-паўтара ўсё глыбей і
глыбей апускаецца ў разнастайныя сферы ўплыву Расіі — у ваенным, культурным,
эканамічным і любым іншым сэнсе. Складана знайсці сферу, дзе не адбываецца
гэта паўзучае паглынанне, — адзначае Арцём Шрайбман.
З іншага боку, па словах аналітыка, у сферы ваенных паставак
арыентацыя на «вялікага брата» ў асобе Расіі заўсёды была трэндам для
беларускіх уладаў:
— У некаторых сферах Беларусь практычна цалкам залежыць ад
расійскіх паставак узбраенняў, асабліва гэта тычыцца авіяцыі і сістэм СПА.
Цягам прыкладна пяці гадоў у 2014-2019 гадах былі спробы дыверсіфікаваць
вайсковае супрацоўніцтва, стварылі свой комплекс «Паланэз» разам з
Кітаем і гэтак далей. Але ў цэлым беларуская ўлада ніколі і не дэкларавала, што
будзе самастойным ваенна-тэхнічным гульцом.
Заявы аб закупцы расійскіх узбраенняў Лукашэнка, мне
здаецца, робіць штогод. І добра, калі 10% гэтых заяў потым трансфармаваліся ў
рэальныя пакупкі вайсковай тэхнікі. Наколькі я сачу за сітуацыяй, бакі ўвесь час
не сыходзяцца ў тым, ці павінна Расія пастаўляць гэтыя ўзбраенні льготна ці не,
бо ў Беларусі проста няма грошай на закупку дарагой тэхнікі.
Цяпер, думаю, адкрываецца яшчэ адна старонка гандлю за
чарговыя сістэмы ўзбраенняў: мы ж вам далі сваю тэрыторыю «паганяць» для пагрозы ЗША, Украіне, чаму б і вам не даць нам нейкую тэхніку, якая ў тым
ліку вас будзе абараняць.
Гэта стандартны трук Лукашэнкі, і я не ўпэўнены, што Расія
адгукнецца на яго цяпер неяк інакш, чым раней. У чым сэнс забяспечваць
Лукашэнку добрай вайсковай тэхнікай, калі можна яе ва ўсё больш
залежную Беларусь у кожны момант завозіць, перакідваць, прыдумляць новыя
вучэнні для гэтага, і ніхто табе слова не скажа?
Арцём Шрайбман падкрэслівае, што не варта пераацэньваць
рытарычныя формулы беларускага кіраўніка, які даўно і актыўна выкарыстоўвае
канцэпт «абложанай крэпасці» і пастаяннай гатоўнасці да абароны:
— Будуць лішнія грошы ў бюджэце — ён выдаткуе іх, калі палічыць неабходным, на ваенныя цацкі. Калі грошай не будзе хапаць, з'явяцца сур'ёзныя эканамічныя праблемы, то прыярытэты зменяцца і праз месяц пра гэтыя пытанні мы забудзем.