У Гародні за «палітыку» судзяць дачку вядомага прыхільніка Сталіна і Лукашэнкі
30 снежня ў Гародні пачалі судзіць Алену Ягорычаву і яе мужа Ігара Пазнякова. Бацька Алены — Уладзімір Ягорычаў — гісторык, выкладчык Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту, вядомы ў горадзе апалагет Сталіна і прыхільнік Лукашэнкі.
Алену Ягорычаву і Ігара Пазнякова абвінавачваюць паводле ч.1 арт.342 КК РБ («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») і арт. 364 КК РБ («Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»), паведамляецца ў «экстрэмісцкіх» медыях.
У 2014 годзе Уладзімір Ягорычаў (бацька Алены Ягорычавай) разам з калегам па ўніверсітэце Вадзімам Хілютам праводзіў экспертызу «на экстрэмізм» кнігі праваабаронцы Алеся Бяляцкага «Асвечаныя Беларушчынай». Тады ў заключэнні Ягорычаў і Хілюта адзначылі, што кніга Бяляцкага можа нанесці шкоду Рэспубліцы Беларусь альбо краінам-чальцам Мытнага саюзу.