Ці можа Беларусь выступаць гарантам бяспекі Украіны? Адказвае Валерый Карбалевіч

У аўтарскай калонцы для беларускага радыё, прызнанага ўладамі «экстрэмісцкім», палітолаг Валерый Карбалевіч разважае на тэму, якую падняў Аляксандр Лукашэнка падчас нядаўняй нарады Рады Бяспекі. Ён выказаўся ў тым духу, што Беларусь павінна ўдзельнічаць у расійска-ўкраінскіх перамовах наконт мірнага пагаднення. А крыху пазней міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў выступіў яшчэ і за тое, каб РБ увайшла ў лік краін — гарантаў будучай бяспекі ўкраінскай дзяржавы. 

cms_image_000094707_1197x560_1.jpg

— Пасля заявы Лукашэнкі аб прэтэнзіі афіцыйнага Мінска на ўдзел у расійска-ўкраінскіх перамовах цікава было даведацца пра пазіцыю Масквы па гэтым пытанні, — піша Валерый Карбалевіч. — Узгадванне Беларусі ў інтэрв'ю міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова 8 красавіка шмат хто ацаніў як адказ Крамля. Аднак гэта не зусім так.

Варта заўважыць, што ў рэпліках беларускіх афіцыйных асобаў па пытанні ўдзелу Беларусі ў стамбульскіх перамовах праглядваецца недавер да Расіі, сумнеў у тым, што Масква будзе абараняць інтарэсы Беларусі падчас гэтых перамоваў. «Ніякіх сепаратных, за спінай Беларусі, дамоўленасцяў быць не можа», — кажа Лукашэнка. Гэта значыць, ёсць падазрэнне, што РФ гатовая да здзелкі за спінай Мінска і ва ўрон яго інтарэсам?

Пасля пасяджэння Савета бяспекі 7 красавіка міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў: «Мы перакананыя, што інтарэсы і гарантыі бяспекі павінны быць прадугледжаныя не толькі адносна Украіны і Расіі, але і Беларусі як аднаго з трох славянскіх народаў».

Першае пытанне, якое ўзнікае з гэтай нагоды: а Расія, АДКБ ужо гарантамі бяспекі Беларусі не з'яўляюцца?

Другое пытанне, яшчэ больш пікантнае. Украіна патрабуе міжнародных гарантый з прычыны пагрозы з боку Расіі. Беларусі патрэбныя міжнародныя гарантыі з той жа прычыны?

Кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў згадаў Беларусь у кантэксце расійска-ўкраінскіх перамоваў, але крыху ў іншым сэнсе. Ён заявіў: «Сярод гарантаў бяспекі ўкраінскія суседзі хацелі б бачыць усе прылеглыя да Украіны краіны і яшчэ цэлы шэраг дзяржаў, у тым ліку пастаянных чальцоў Рады Бяспекі ААН. Мы прапанавалі, каб у ліку такіх краін-гарантаў абавязкова была б Рэспубліка Беларусь».

Нагадаю, гаворка ідзе пра тое, што Украіна абумоўлівае сваю гатоўнасць да нейтральнага статусу і адмову ад уступлення ў NATO гарантыямі бяспекі, якія павінны даць іншыя дзяржавы. Сярод краінаў-гарантаў — Вялікабрытанія, Кітай, Расія, ЗША, Францыя (пастаянныя чальцы Рады Бяспекі ААН), Турэччына, Нямеччына, Канада, Італія, Польшча, Ізраіль.

Дык вось Лаўроў прапануе павялічыць кола гэтых гарантаў за кошт краінаў-суседзяў Украіны, у тым ліку Беларусі. Сэнс гэтай прапановы даволі празрысты. Чым больш краінаў выступаюць гарантамі, тым больш размываецца сэнс гарантый бяспекі. Бо ў выпадку крызісу ім жа трэба будзе неяк узгадняць свае дзеянні, каб рэагаваць сумесна. Але калі такімі гарантамі бяспекі Украіны выступяць, да прыкладу, адначасова Расія, Беларусь, ЗША, Францыя, то грош цана такім гарантыям. Бо Масква і Мінск будуць усё блакаваць. Калі гарантамі выступаюць краіны з рознымі пазіцыямі, увесь механізм гарантый не будзе працаваць. Што і трэба Маскве.