Дэпаланізацыя ў Беларусі: як улады «прэсуюць» польскую меншасць

Беларускія ўлады працягваюць ціск на актывістаў «Саюза палякаў» і пераводзяць на рускую мову польскія школы. Што цяпер адбываецца з польскай меншасцю ў Беларусі?

polskij_flag_polsha_780x470.jpg


Паводле інфармацыі польскіх СМІ, беларускія ўлады могуць абвінаваціць незарэгістраваны «Саюз палякаў Беларусі» (СПБ) у «парушэнні тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі». Акрамя таго, стала вядома, што аднаго з актывістаў арганізацыі, журналіста Анджэя Пачобута, у мінскім СІЗА трымалі ў камеры для смяротнікаў.
Дабраліся ў Беларусі і да польскіх школ: у новым навучальным годзе школы ў Гродне і Ваўкавыску перавядуць на рускую мову навучання. У Варшаве гэтае рашэнне назвалі новым этапам пераследу польскай меншасці.


Камера смяротнікаў для актывіста «Саюза палякаў»


Актывіст «Саюза палякаў Беларусі», журналіст з Гродна Анджэй Пачобут у зняволенні больш за год. У сакавіку 2021 года генпракуратура Беларусі распачала крымінальную справу ў дачыненні да старшыні СПБ Анжалікі Борыс і іншых асоб па артыкуле аб «узбуджэнні нацыянальнай і рэлігійнай варожасці і розні» і «рэабілітацыі нацызму» (ч. 3 арт. 130 КК РБ). Былі затрыманыя пяцёра прадстаўнікоў арганізацыі. Акрамя Анжалікі Борыс, гэта Марыя Цішкоўская, Ірэна Бернацкая, Ганна Панішава, Анджэй Пачобут. У пачатку чэрвеня стала вядома пра вызваленне Цішкоўскай, Бернацкай і Панішавай і іх прыбыццё ў Польшчу. 25 сакавіка 2022 г. з СІЗА пад хатні арышт перавялі Борыс.

Старшыня «Саюза палякаў Беларусі» Анжаліка Борыс

Старшыня «Саюза палякаў Беларусі» Анжаліка Борыс


Пачобута турэмная адміністрацыя прызнала «схільным да экстрэмізму», з-за гэтага за ім устаноўлены ўзмоцнены кантроль, яму забароненыя спатканні з роднымі, а перапіска моцна цэнзуруецца.
Польская газета «Rzeczpospolita» даведалася ад былога сукамерніка журналіста, што больш за месяц — з 14 красавіка да 17 траўня 2021 года — у СІЗА №1 г. Мінска Анджэя трымалі ў камеры, дзе свае апошнія дні праводзяць прысуджаныя да смяротнага пакарання. «Гэта так званы калідор смерці, за сцяной у суседняй камеры знаходзіўся асуджаны на расстрэл», — распавёў суразмоўца «Rzeczpospolita». Журналісты мяркуюць, што такім чынам Пачобута, які адмовіўся папрасіць памілавання і пакінуць Беларусь, спрабавалі прымусіць змяніць сваё рашэнне.

СПБ ніколі не выступаў за аўтаномію тэрыторый у Беларусі


Таксама, паводле інфармацыі выдання, беларускія ўлады праводзяць «экспертызу» дзейнасці «Саюза палякаў» і хочуць абвінаваціць арганізацыю ў «парушэнні тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі». Верагодна, гаворка пра арт. 361 КК РБ, у якім згадваюцца заклікі да дзеянняў «супраць знешняй бяспекі Беларусі, яе суверэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасці, нацыянальнай бяспекі і абароназдольнасці».
У жонкі гродзенскага журналіста Аксаны Пачобут новай інфармацыі па крымінальнай справе мужа ці вылучаных супраць яго абвінавачаннях няма. Пра «калідоры смерці» жанчына таксама даведалася з СМІ.

Актывіст «Саюза палякаў Беларусі» Анджэй Пачобут

Актывіст «Саюза палякаў Беларусі» Анджэй Пачобут


«Муж рыхтуецца да суду, чакае этапу ў калонію. Перадаваць нічога не просіць, акрамя таблетак, рэдка нешта, — расказала Аксана DW. — Анджэй перадае прывітанне ўсім калегам, знаёмым і незнаёмым людзям, хто сочыць за яго лёсам. На здароўе не скардзіцца, піша, што там усе адчуваюць сябе аднолькава».
«Абвінавачанняў Анджэй пакуль не пачуў, мы ведаем з медыя, што нібыта праводзяцца нейкія экспертызы і магчымыя абвінавачанні для ўсёй арганізацыі. Калі гэта адбудзецца, то будзе проста абсурдна. "Саюз палякаў" ніколі нідзе ні публічна, ні непублічна не выступаў нават за аўтаномію нейкіх тэрыторый Беларусі», — адзначае, у сваю чаргу, галоўны рэдактар сайта «Znadniemna.pl» Анджэй Пісальнік (у студзені 2022 партал «Саюза палякаў Беларусі» прызналі экстрэмісцкім. — Заўв. рэд.).

У Гродне і Ваўкавыску польскія школы перавядуць на рускую мову


Анджэй Пісальнік таксама пракаментаваў пастанову беларускіх уладаў перавесці польскія школы ў Гродне і Ваўкавыску на рускую мову навучання з новага навучальнага года. «Калі ва Украіне Расія праводзіць дэнацыфікацыю або дэўкраінізацыю, то ў Беларусі гэтыя працэсы можна называць дэбеларусізацыяй, дэпаланізацыяй. Мы гэта бачым у кантэксце ваеннага канфлікту ва Украіне. Беларусь цяпер знаходзіцца пад расійскай акупацыяй, усё, што тут адбываецца, адбываецца з ініцыятывы акупацыйнага рэжыму», — заявіў Пісальнік.

pachobut_borys.webp


У польскай школе ў Гродне — каля 620 вучняў, у Ваўкавыску — 250. Аргументацыя ўладаў з нагоды пераводу устаноў на рускую мову навучання гучыць так: нібыта ў адпаведнасці са зменамі ў законе «Аб адукацыі», у Беларусі не прадугледжваецца выкладанне на мовах нацыянальных меншасцей. Навучанне польскай мове і літаратуры можа быць арганізавана на працягу адной гадзіны на тыдзень і толькі па просьбе бацькоў і са згоды мясцовых уладаў.
Пісальнік сцвярджае, што многія бацькі вучняў незадаволеныя, але яны не могуць пратэставаць: любы пратэст у Беларусі цяпер заканчваецца турэмным тэрмінам. «Мы можам толькі інфармаваць міжнародную супольнасць. Напрыклад, у Польшчы пра сітуацыю са школамі ў Гродне і Ваўкавыску выказалася нямецкая меншасць. Мы зацікаўленыя ў тым, каб з'явіліся супольнасці і ініцыятывы, здольныя аказваць ціск на беларускія і на расійскія ўлады, таму што, паўтаруся, гэта дзеянні акупацыйнага расійскага рэжыму», — кажа журналіст.

Экспрапрыяцыя маёмасці, пабудаванай за кошт Польшчы?


Між тым у Варшаве адзначаюць, што школы ў Гродне і Ваўкавыску былі пабудаваныя ў 1990-я гады на сродкі, прадастаўленыя польскай дзяржавай. Акрамя таго, існуе двухбаковы дагавор паміж Польшчай і Беларуссю, які гарантуе навучанне нацменшасці на роднай мове.
«Гэта новы этап пераследу польскай меншасці ў Беларусі. Гэта сітуацыя, пры якой ліквідацыя адзіных дзвюх польскіх школ у Беларусі прыводзіць да ліквідацыі польскай адукацыі і выкладання на польскай мове ў беларускіх школах», — пракаментаваў сітуацыю кіраўнік парламенцкай камісіі па сувязях з палякамі за мяжой Роберт Тышкевіч.
Паводле яго слоў, гэтае рашэнне «беспрэцэдэнтнае, супярэчыць дагаворам і пагадненням паміж Польшчай і Беларуссю, супярэчыць беларускаму заканадаўству і беларускай Канстытуцыі, а таксама супярэчыць міжнароднаму праву».
У сваю чаргу, адзін з заснавальнікаў «Саюза палякаў Беларусі», ганаровы прэзідэнт арганізацыі Тадэвуш Гавін назваў тое, што адбываецца, экспрапрыяцыяй маёмасці СПБ, пабудаванай на сродкі польскага падаткаплацельшчыка. Паводле яго слоў, падобнае ўжо было ў Гродне ў 1948 годзе, калі ў горадзе закрылі апошнюю ў Беларусі польскую школу. «Улады паабяцалі выкладаць польскую мову як школьны прадмет. Яны ніколі не трымалі сваё слова», — заявіў Гавін.
Паводле dw.com.